Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нечапа́ны і нячэ́паны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не чапалі, да якога не дакраналіся. Нечапанай стаіць на стале вячэра. А. Вольскі. Купала запаліў электрычнасць, запрасіў пасунуцца да стала, дзе ад самага пачатку размовы так і стаяла нячэпанай бутэлька цынандалі. Лужанін. [Стэфка] брыла па сінім гладкім нечапаным снезе. Бядуля. // перан. Нявінны, цнатлівы. Эй, яблынька, Спей, румяная. Я дзевачка Нечапаная... А. Александровіч.

нечаса́ны 1 і нячэ́саны 1, ‑ая, ‑ае.

Якога не часалі; раскудлачаны. Нечасаныя валасы. Нячэсаны лён.

нечаса́ны 2 і нячэ́саны 2, ‑ая, ‑ае.

Не апрацаваны часаннем. Нечасаныя бярвёны.

ня..., прыстаўка (гл. не...).

Ужываецца замест «не...» ў тых выпадках, калі націск падае на першы пасля прыстаўкі склад, напрыклад: нядобры, няшчасце, нялёгкі, нядужы, няўдзячны, нясвежы.

няба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Выключны, незвычайны (па сіле праяўлення). Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі. Нябачанымі да гэтага часу тэмпамі расцвітае эканоміка і культура. Пестрак. // Такі, які не сустракаўся раней, якога не даводзілася бачыць. Усіх ахапіла цікавасць... Хацелася бліжэй пабачыць гэту нябачаную штуку-самалёт. Чарот. [Музыку] прывезлі ў панскія пакоі, і ён здзівіўся нябачанаму ніколі багаццю. Чорны. // Таямнічы, дзіўны. Іван і Арцём дужа зблізіліся. Нейкія нябачаныя, невядомыя ніці прыцягвалі іх адзін да другога. Ставер.

няба́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан нябачнага.

няба́чны, ‑ая, ‑ае.

Недаступны для зроку. Выключыўшы маторы, нябачны самалёт стаў ціха падыходзіць да поплава. Мележ. Шаргатліва прамчаўся над галовамі нябачны снарад і глуха ўдарыў аб зямлю дзесьці ў пушчы. Паслядовіч. // Скрыты, непрыкметны. Думала [Марыя Андрэеўна] аб нечым сваім, і Туравец адчуў, як між іх пралягла нябачная мяжа. Мележ. [Плацце] робіць Крысціну незвычайна лёгкай, быццам надае нябачныя крыл[ы]. Васілевіч.

нябе́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Які не бяліўся. Пакойчык быў запушчаны, даўно нябелены, змрочны і няўтульны. Колас.

2. Не апрацаваны бяленнем. — А гэта што? Колішні матчын святочны абрус? Дальбог, у нас такія ткалі — нябеленая аснова, белены ўток. Палтаран. Далёка ўнізе плылі рэдкія хмары колеру нябеленага палатна. Алешка.

нябе́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да неба. З нябеснай вышыні далятала журботнае і стрыманае курлыканне жураўлёў. М. Ткачоў. Ганна Паўлаўна захаплялася нябесным блакітам, гарамі, якія так гарманічна зліваліся з чароўным светам тутэйшых раслін... Вірня. // Які знаходзіцца ў міжзорнай і міжпланетнай прасторы. Нябесныя целы.

2. Які вывучаецца і прымяняецца ў астраноміі. Нябесны глобус.

3. Паводле рэлігійных уяўленняў — які знаходзіцца на небе. Нябесны рай.

4. Які мае колер неба; светла-блакітны. Нябесны колер.

5. перан. Цудоўны. Валя нахілілася галавой да рукі. І ўсмешка... усмешка нябесная заззяла на твары. Пестрак.

•••

Нябесная механіка гл. механіка.

Нябесны мерыдыян гл. мерыдыян.

Манна нябесная гл. манна.

Спадзявацца на манну нябесную гл. спадзявацца.

Царства нябеснае гл. царства.

Чакаць манны нябеснай гл. чакаць.

нябёсы,

гл. неба.

нябі́ты, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не білі, які не цярпеў ад пабояў. // перан. Разм. Які не зведаў строгай вывучкі. / у знач. наз. нябі́ты, ‑ага, м. За аднаго бітага двух нябітых даюць. Прыказка.