нясве́жы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў з цягам часу свежасць, свае натуральныя якасці. Нясвежыя прадукты.
2. перан. Пазбаўлены свежасці, яркасці. Якаў застаў Вярбіцкага дома. Той нядаўна прачнуўся, і твар яго быў памяты і нясвежы. Чарнышэвіч.
3. Які доўга насілі; заношаны, брудны. З-пад расшпіленага каўняра кіцеля ў хлопца, віднелася нясвежая цяльняшка. Карпюк.
нясвоечасо́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць нясвоечасовага.
нясвоечасо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які адбываецца або адбыўся не ў свой час, не тады, калі трэба. Нясвоечасовы прыход на працу. Нясвоечасовая выплата грошай. // Які быў зроблены або адбыўся ў неадпаведны момант, недарэчы. Нясвоечасовая заўвага.
нясе́нне 1, ‑я, м.
Выкананне якіх‑н. абавязкаў. Нясенне варты.
нясе́нне 2, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. несці 2.
нясі́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Страчваць сілы, станавіцца слабым, бяссільным.
нясі́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што.
Пазбаўляць сілы, рабіць бяссільным. Нясіліць стома рукі.
няскла́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць няскладнага. Няскладнасць фігуры.
няскла́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не вызначаецца складнасцю, зграбнасцю. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом.. Побач з ім сядзеў узводны Букрэй — няскладны і шырокі, як шафа. Колас. [Громаў-Дар’яльскі] сядзеў, абхапіўшы калені няскладнымі кашчавымі рукамі, і курыў. Васілевіч. // Дрэнна, непрыгожа зроблены; нязграбны. [Жанчына] прыехала на нейкім няскладным вялікім возе, у які быў запрэжаны высозны і худы конь. Чорны.
2. Пазбаўлены лагічнай паслядоўнасці, сувязі. Дзед.. насмешліва пазіраў на хлопцаў, слухаючы іх няскладную гутарку. Чарнышэвіч. // Нязладжаны, нястройны (пра гукі, спеў і пад.). А тут музыка грае ўвесь час, нейкая няскладная, дзікая; гучней за ўсё грыміць бубен. Нікановіч.
3. Няўдалы, недарэчны. Варка — кемлівая, разумная, але сама, здаецца, пакутуе ад няскладнага кахання. Кулакоўскі.
нясклёпісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Няскладны, нязграбны. Побач з Хэльмутам, успёршыся на кульбу, стаяў высокі, худы і нясклёпісты Штундэр. Брыль. // Дрэнна зроблены; нязграбны. У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджаны ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам. Колас.
няско́нчанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан няскончанага; незавершанасць.