няя́ркі, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены яркасці; даволі цьмяны. Вячэрняе сонца, ідучы на спачын, залівала роўным, няяркім святлом суседні парк. Паслядовіч. На машынах у цэху, дзе працаваў Вася, друкаваліся дзіцячыя кніжкі, і часам малюнкі выходзілі няяркія, невыразныя, фарбы расплываліся. Сапрыка.
2. перан. Які не кідаецца ў вочы; малапрыкметны. Тым часам вёска, што прытуліла Юзіка, важыла на шырокую нагу.. І толькі Юзік несамавіта выдзяляўся сярод усіх сваёй няяркай вопраткай. Хадановіч. Як толькі цёмнаю ноччу Вочы свае закрываю, Адразу я Оршу бачу З яе няяркай красой. Караткевіч. // Які нічым не вылучаецца; звычайны. Няяркае жыццё.
няя́сна,
1. Прысл. да няясны.
2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць яснага ўяўлення аб кім‑, чым‑н. [Вера Васільеўна:] — Для мяне, напрыклад, няясна, чаго вы так баіцеся вопыту Карніцкага, нават яго самога. Паслядовіч.
няя́снасць, ‑і, ж.
1. Якасць няяснага. Няяснасць вымаўлення гукаў.
2. Што‑н. незразумелае, няяснае. Расказ [пра вепра і ваўка].. рассеяў усякія няяснасці, і на дзеда Талаша глядзелі, як на свайго чалавека. Колас. На дне душы была няяснасць. Пестрак.
няя́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які невыразна, дрэнна відаць, не вылучаецца сваімі контурамі. На тым беразе паказаліся дзве няясныя постаці. Колас.
2. Які ледзь чуваць; невыразны. У адну з хвілін, калі Міхаіл на момант скіраваў увагу на правага свайго суседа, спераду раптам пачуўся няясны шум і ўсплёск вады. Краўчанка. Не, не зман. Музыка. Плаўныя няясныя гукі музыкі. Мелодыю не вызначыш, але гэта — музыка. Ермаловіч.
3. Не зусім зразумелы; невыразны. Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі. Якімовіч. Словы Лапціна былі поўны няясных намёкаў, ад іх непрыемна застукала сэрца, і Каваль заспяшаўся. Савіцкі.
няя́ўка, ‑і, ДМ ‑яўцы; Р мн. ‑авак; ж.
Нез’яўленне куды‑н. У позве было прыпісана папярэджанне, што ў выпадку няяўкі ў паказаны час падсудны будзе арыштаваны і Застаўлены ў суд пад канвоем. Колас.