Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няла́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Дрэнны, нядобры. Ад паварота і да паварота Адным дажджам адкрыты семафор. Няладная, нялёгкая пагода. Спяць самалёты сонца і прастор. Чэрня. / у знач. наз. няла́днае, ‑ага, н. Яшчэ на сярэдзіне дарогі адчуў.. [Астап] няладнае. Лынькоў.

няла́ска, ‑і, ДМ ‑ласцы, ж.

Непрыхільнасць, нядобразычлівасць да каго‑н. — Як жа гэта так? — узрушылася бабка: — За што такая няласка, такое пакаранне? Што благога вы зрабілі? Колас.

няла́скавасць і неласка́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць няласкавага, неласкавага.

няла́скавы і неласка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не праяўляе ласкавасці ў абыходжанні з кім‑н.; суровы. Цяпер Зойка гаворыць добра і вучыцца някепска, але няласкавая дзяўчынка, панурая. Арабей. — Ты штось неласкавай стала да свайго паклонніка, Галіна, — сказаў Астапчык, ён быў даўно і добра знаёмы з Галінай і яе братам. Машара. // Які выяўляе суровасць, адсутнасць ласкавасці. Няласкавае абыходжанне. Няласкавы выгляд твару.

2. Няветлівы, недалікатны ў адносінах да каго‑н. Няласкавы прыём. Няласкавы гаспадар.

нялёгка,

1. Прысл. да нялёгкі.

2. безас. у знач. вык. Пра цяжкі маральны стан, у якім хто‑н. знаходзіцца. Не шумі ж ты, цёмны гаю, бо мне й так нялёгка. Трус.

нялёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Значны па вазе, даволі цяжкі. Воз нялёгкі Па гразі Па калодкі грузне. Крапіва.

2. Які патрабуе шмат энергіі, сіл; цяжкі. Праца была нялёгкая. Хто не ведае працы балагола?.. Гартны. Паход цэлым атрадам быў нялёгкім, асабліва таму, што пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы. Брыль. // Такі, якога можна дасягнуць шляхам вялікіх намаганняў, з вялікай цяжкасцю. Тры нялёгкія заданні Мне жыццё дало: На начной дарозе дальняй Адшукаць святло; Скласці песню на той мове І на той зямлі, Над якой у час суровы Буры прагулі; Пакідаючы краіну з сонцам веснавым, Сад квітнеючы пакінуць Па шляху сваім. Танк. // Які звязаны з цяжкасцямі. Рая з наіўнасцю пераймае ўсё, што робіць гэтая спрактыкаваная жанчына, — вучыцца нескладаным, але і нялёгкім абавязкам маці. Шамякін. Усё жыццё — нялёгкая вандроўка. А. Вольскі.

нялётны, ‑ая, ‑ае.

Неспрыяльны для палёту (пра надвор’е, час і пад.). Надвор’е ў першай палавіне дня было хмурнае, амаль нялётнае. Шамякін.

нялі́тасцівы і нелітасці́вы, ‑ая, ‑ае.

Які не ведае літасці; бязлітасны, жорсткі. Нялітасцівы чалавек.

нялі́шне,

1. Прысл. да нялішні.

2. безас. у знач. вык., з інф. Не шкодзіць, варта. Калі дзе коні пачалі худзець, Нялішне будзе паглядзець У канюхоўскія кішэні. Корбан.

нялі́шні, ‑яя, ‑яе.

Патрэбны, небескарысны. Перасцярога будзе нялішняй.