ныра́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ныраць.
ныра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Поўнасцю апускацца ў ваду. Вада была ласкавая і мяккая, як шоўк, і хлопчыкі з асалодай ныралі і плавалі. Бяганская. Качкі збіліся ў шэры гурт, ныраюць, пераклікаюцца адна з адной. Лупсякоў.
2. Лётаючы ў паветры, крута і хутка апускацца ўніз. Дзед Антон стаяў ля сваёй хаты і бачыў, як.. [самалёты] з вышыні ныралі ўніз і сыпалі бомбы на варожыя войскі. М. Ткачоў. У небе бясконца ныраў уніз і зноў узмываў угору, заліваючы наваколле спевам, палявы жаўрук. Мыслівец.
3. перан. Разм. Хутка знікаць з вачэй, хаваючыся куды‑н. Шэсць чалавек ныраюць у лес і зараз жа знікаюць з вачэй. Колас. Ліхтар гасяць. Двое «шахцёраў» ныраюць у зеў падполля. Мікуліч. Коні сыходзяць з дарогі і разам з вазком ныраюць пад навіслыя галіны сосен і ялін. Лупсякоў. // Знікаць з вачэй і зноў з’яўляцца. Па небе павольна плыў няпоўны месяц, зрэдку ныраў за белаватыя воблакі. Шамякін.
4. У боксе — ухіляцца ад бакавых удараў праціўніка ў галаву.
ны́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нырак. Нырачныя сасуды. // Які ўтвараецца ў нырках. Нырачны камень.
•••
Нырачная лаханка гл. лаханка.
ны́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Орган мочавыдзялення ў чалавека і пазваночных жывёл. Запаленне нырак.
2. толькі мн. (ны́ркі, ‑рак). Гэты орган некаторых жывёл як ежа.
•••
Блукаючая нырка — захворванне ныркі, якое праяўляецца ў яе ненармальнай рухомасці.
нырну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да ныраць.
нырцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак.
Разм. Тое, што і ныраць. Хлопцы ўлетку нырцавалі, выхваляючыся адзін перад адным, хто больш прабудзе пад вадою. Сабаленка. Цемра ў нетры нор нырцуе, Навагодні дзень ідзе. А. Александровіч.
нырцо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нырца (у 3 знач.). Нырцовыя качкі.
нырцо́м, прысл.
Скачком апусціцца ў ваду з галавой.
нырэ́ц, ‑рца, м.
1. Скачок у ваду з галавой. Даць нырца.
2. Той, хто ўмее ныраць, хто добра нырае. Нік крышачку зайздросціў ім, гэтым вялізным жывёлінам. Зайздросціў іх спрыту, іх майстэрству нырцоў. Лынькоў. [Язэп] кінуўся на дапамогу. Нырнуў раз — не знайшоў малога: дужа глыбокую зрабілі копанку для нырцоў. Ваданосаў.
3. Вадаплаўная птушка сямейства качыных, якая здабывае сабе корм, ныраючы пад ваду. Чырвананосы нырэц.
4. У боксе — прыём, калі баксёр хутка прыгінаецца, каб ухіліцца ад бакавых удараў у галаву.
ны́цік, ‑а, м.
Чалавек, які ўвесь час ные, на што‑н. скардзіцца. Нас жыццё ласункамі не песціла, Не рабіла ныцікамі кволымі. Лукша.