ны́цік, ‑а, м.
Чалавек, які ўвесь час ные, на што‑н. скардзіцца. Нас жыццё ласункамі не песціла, Не рабіла ныцікамі кволымі. Лукша.
ныццё, ‑я, н.
1. Цягучы, тупы боль. Балючае ныццё разлілася па ўсім целе. Пестрак.
2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. ныць (у 2 знач.). [Андрэй Данілавіч:] — Захандрыў мой студэнт. Што ні пісьмо — суцэльнае ныццё. Ракітны.
3. перан. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. ныць ( у 3 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Н[а]жніцы спраўна перакусваюць драціны, і, адна за адной, яны ападаюць у снег. Ныццё [у правадах] напалову змаўкае. Брыль.
ныць, ныю, ныеш, ные; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Балець (пра адчуванне тупога, цягучага болю). Ныла спіна, балела шыя... балеў пад пахай рубец. Даўно ён ужо не ныў. Пташнікаў. Туравец стаў больш адчуваць, як ные параненая рука. Мележ. / у безас. ужыв. Хлопцам прыходзілася ўвесь час нізка прыгінацца, ад гэтага ныла ў паясніцы. Шахавец.
2. Надакучліва скардзіцца на што‑н. Большасць рабочых жыве ў навакольных вёсках, ходзіць на працу за 3–5 кіламетраў, і ніхто не ные, ніхто нічога не патрабуе. Грахоўскі. Адзін не мае часу носа ўцерці за работаю, а другі ные ад таго, што не ведае, куды яму дзець лішні час. Крапіва.
3. перан. Разм. Цягуча, жаласна гусці. Улетку галлём зялёным шуміць.. [шлях], а ўзімку адзінока ныюць на слупах драты. Скрыган. Пад столлю нылі камары. Самуйлёнак. У вяршалінах дрэў нудна ныў вецер. Новікаў.
•••
Душа (сэрца) ные гл. душа.