Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няра́дасна,

1. Прысл. да нярадасны.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё смутку, якое перажывае хто‑н. Нярадасна было на сэрцы і ў Лабановіча. Колас.

няра́дасны, ‑ая, ‑ае.

Пазбаўлены радасці, весялосці; сумны, журботны. У грудзях стала млосна ад нярадасных дум. Машара. // Які выклікае, прыносіць смутак, журбу. Ліда прынесла нярадасную вестку: ахову лагера, дзе знаходзіўся Мікола, узмацнілі. Федасеенка.

няра́на, прысл. безас. у знач. вык.

Позна. Калі Андрэй правёў.. [Яна], было ўжо нярана. Ноч стаяла месячная, марозная і ціхая. Чарнышэвіч. Косцік пачакаў, пакуль у акне Галінага пакоя бліснула святло, і панёс сваю скруху ў інтэрнат,.. хоць было ўжо нярана. Сабаленка.

няро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не знаходзіцца ў кроўным сваяцтве. Няродны бацька. □ Да сваёй старэйшай няроднай сястры (Макрэніна маці даводзілася мачыхай Таклюсі) Макрэна адносілася крыху з пагардай. Асіпенка. Рос. Юрка. Забывалася ўжо нават, што ён няродны Антосеў сын. Сачанка.

2. Не свой, чужы. Няродны дом.

няро́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць няроўнага (у 1–6 знач.).

2. Упадзіны і ўзвышшы на паверхні чаго‑н.; адсутнасць прамых ліній. Ішлі .. [людзі] хутка, але ногі іх зморана чапляліся за няроўнасці глебы, за траву. Шамякін.

3. Адсутнасць роўнасці ў чым‑н. Эканамічная няроўнасць. □ Рана.. [Я. Купала] спазнаў сацыяльную няроўнасць, рана навучыўся разумець, што такое панскае багацце і мужыцкая нядоля. Івашын.

4. У матэматыцы — алгебраічны выраз, які паказвае, што адна велічыня большая або меншая за другую.

няро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Нягладкі, з упадзінамі і ўзвышшамі. Дарога была няроўная, з каляінамі, Варавіцкі ледзь выкручваў машыну паміж імі. Лобан. Месца тут няроўнае — то высокая гара, то глыбокая нізіна. Шамякін.

2. Размешчаны не па прамой лініі; крывы. Пёрка выводзіць на паперы няроўныя радкі. Гартны.

3. Неаднолькавы па велічыні, памерах, якасці, умовах і пад. з кім‑, чым‑н. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. У наваколлі тутэйшых трох вёсак зямля была вельмі няроўная. Дзе вышэй — радзіла добра, дзе ніжэй к балоту — усё ўшчэнт вымакала. Чорны. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка.

4. Нераўнамерны ў працэсе дзеяння; перарывісты, з перабоямі. Няроўны пульс. Няроўнае дыханне. □ Калі-нікалі халадзіў лагодны, ціхі ветрык, што варушыўся няроўнымі слабымі павевамі. Мележ. [Газоўка] кідала няроўнае, трапяткое святло на сцены з бярвенняў, між якіх тырчаў сухі.. мох. Васілеўская.

5. перан. Неўраўнаважаны; няўстойлівы. Няроўны характар.

6. перан. Не заўсёды аднолькавы, з лепшымі і горшымі часткамі (пра стыль).

7. Такі, у якім прымаюць удзел неаднолькавыя ў якіх‑н. адносінах бакі. Весці няроўны бой. □ Аб .. падзеях [у Іспаніі] пісалася ў газетах, аб іх гаварылі ў школе, у часе піянерскіх кастроў, дома. І ўсім так хацелася дапамагчы тады іспанскім героям у іх мужнай і няроўнай барацьбе. Лынькоў. І жнівеньскім ранкам У сорак другім Змаганне няроўнае Выпала ім. Гілевіч.

няру́дны, ‑ая, ‑ае.

Які не з’яўляецца рудой. Нярудныя выкапні. // Звязаны са здабычай і перапрацоўкай выкапняў, якія не з’яўляюцца рудой. Нярудная прамысловасць.

нярэ́дкі, ‑ая, ‑ае.

Які бывае даволі часта. Нярэдкі выпадак. Нярэдкая з’ява.

нярэ́чыўнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць нярэчыўнага; нематэрыяльнасць.

нярэ́чыўны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Нематэрыяльны, духоўны.