Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нява́жна,

1. Прысл. да няважны (у 2 знач.).

2. у знач. вык. Не мае вялікага значэння. [Бацька:] — А дзе садзіць [кусты], гэта няважна: і тут наша зямля і там наша. Якімовіч.

нява́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае, вялікага значэння; малазначны. Многа каму здавалася тое, што.. [танкісты] робяць цяпер, няважным, амаль непатрэбным. Мележ.

2. Не зусім добры; дрэнны. Няважны настрой. □ Часамі Лабановічу здавалася, што школа адстае, што вынікі дасягнуты нязначныя, і што, наогул, ён няважны настаўнік. Колас. Няважныя, зусім благія справы. Без вестак палкаводзец не ваяка. Глебка.

няве́данне, ‑я, н.

Адсутнасць звестак аб чым‑н.; адсутнасць ведаў у якой‑н. галіне. Самая прыкрая рэч, калі чалавек знаходзіцца ў стане поўнага няведання. Колас. Кухарчык адчуваў, што няведанне чужых моў проста падразае яму крылы ў навуку. Сабаленка.

няве́ра, ‑ы, м. і ж.

Разм.

1. ж. Адсутнасць веры ў што‑н., няўпэўненасць у чым‑н. Я стаяў, Злажыўшы рукі, Напусціўшы выгляд посны. Бо тачыла сэрца скруха, Бо расла нявера ў поспех. Глебка.

2. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж. Той (тая), які (якая) не верыць у што‑н. Вельмі важна, каб людзі паверылі ў тое, што яны робяць. Але скептыкі і кяверы ўсё-такі знайшліся. Вішнеўскі.

няве́р’е, ‑я, н.

1. Адсутнасць веры ў што‑н., няўпэўненасць у чым‑н. Інжынеры апавядалі нам пра тое, з якой нерашучасцю, часам з нявер’ем ішлі яны [на будаўніцтва] да пачатку працы на канале. Галавач. Часта .. [Сцяпана] апаноўвала нявер’е, ён спыняў ход думак і справы, якімі займаўся. Дуброўскі.

2. Адсутнасць веры ў бога.

няве́рнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нявернага. Нявернасць сябра.

2. Здрада ў каханні, парушэнне сямейнай вернасці. У галаву назойліва лезуць розныя недарэчныя гісторыі аб жаночай нявернасці, здрадлівасці. Шамякін.

няве́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які парушае вернасць каму‑, чаму‑н.; здрадлівы. Сяброў няверных Там [на караблі] не можа быць І кволым там Няма чаго рабіць. Гілевіч. // Які парушае вернасць у каханні, у шлюбе. Хоць і зорачка — ды не вячэрняя, І каханачка — ды няверная. Багдановіч.

2. Недакладны ва ўспрыманні. Няверны слых.

3. у знач. наз. няве́рны, ‑ага, м.; няве́рная, ‑ай, ж. Уст. Той (тая), хто прыняў чужое веравызнанне.

няве́руючая, ‑ай, ж.

Жан. да няверуючы.

няве́руючы, ‑ага, м.

Той, хто адмаўляе рэлігію, не верыць у існаванне бога.

няве́села,

1. Прысл. да невясёлы.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё суму, журбы, якое перажывае хто‑н. [Лабановіч:] — Што ты, бабка, зажурылася? — Калі вам нявесела, дык і мне нявесела, — адказала бабка. Колас.