Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няма́, безас. у знач. вык.

1. Не быць у наяўнасці, адсутнічаць, бракаваць. [Аўгінька:] — Віця! У нас нікога ў хаце няма... Бацька з маткай паехалі, а малыя недзе гуляюць... Зойдзем да нас... Добра? Зарэцкі. Рады ўсе, што сонца грэе, Што няма больш халадоў. Колас. // Не існуе, не бывае зусім. Нічога няма даражэй за Радзіму. Броўка.

2. У знач. няпоўнага сказа пры адмоўных адказах на пытанні. — Ці прыехала сястра? — Няма.

•••

Адбою няма ад каго — занадта многа, больш чым трэба каго‑н. [Казік:] — Ну і вырасла, ну і пахарашэла.. Ад кавалераў, мабыць, адбою няма? Грахоўскі.

Дзець няма куды гл. дзець.

Жывога месца няма — пра вельмі збітага чалавека.

Зладу няма з кім-чым — немагчыма справіцца з кім‑, чым‑н. [Антон Пятровіч:] — Унь, з адным сынам зладу няма, а тут — тысячы людзей, тысячы гектараў зямлі. Шашкоў.

Зносу няма чаму — добра носіцца, вельмі доўга не зношваецца (пра адзенне, абутак і пад.).

І блізка няма гл. блізка.

І думаць няма чаго гл. думаць.

І заваду (заводу) няма — пра поўную адсутнасць каго‑, чаго‑н. — У нас стук, грукат, гудкі, дык шпакоў тут і заваду няма. Пальчэўскі.

І следу няма — нічога няма, нічога не засталося.

Канца-меры няма — пра што‑н. неабмежаванае, чаму няма меры.

Канца (канца-краю) няма — тое, што і канца (канца-краю) не відаць (гл. відаць).

Ліку няма — вельмі многа, незлічонае мноства каго‑, чаго‑н.

Няма вока за кім-чым — пра адсутнасць догляду за кім‑, чым‑н.

Няма галавы — а) пра неразумнага, тупога чалавека; б) пра слабую, дрэнную памяць.

Няма доступу (прыступу) да каго — нельга падступіцца, звярнуцца да каго‑н.

Няма дурных (дурняў) (іран.) — а) выказванне нязгоды з кім‑н., адмаўленне рабіць, выконваць што‑н. — Няма дурных, — сказаў Віктар, прыскорваючы хаду. — Сам папаўся, сам і выкручвайся. Васілёнак; б) не ашукаеш, не спадзявайся.

Няма за душой чаго — пра поўную адсутнасць чаго‑н.

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) гл. заняць.

Няма калі дыхнуць — тое, што і некалі дыхнуць (гл. некалі ​1).

Няма куды вачэй дзець гл. дзець.

Няма на што глядзець гл. глядзець.

Няма роду без выроду — нічога не бывае без непрыемнага выключэння.

Няма сэрца ў каго — пра адсутнасць спагады, літасці, спачування да каго‑н.

Няма таго, каб (з інф.) — пра адсутнасць прывычкі, жадання што‑н. рабіць; пра адсутнасць разумення таго, што трэба зрабіць. — От жа дзіцятка: няма таго, каб шанаваць, падтрымліваць бацьку, — таксама на бацьку кінуцца рад! Мележ.

Няма толку — а) бескарысна. А пасееш — няма толку, Што ж, зямля пустая! Колас; б) пра адсутнасць згоды, парадку, ладу.

Няма (і) у паміне — зусім няма, адсутнічае, не існуе. Карчмы няма ўжо і ў паміне, Нідзе і следу не відно. Гілевіч.

Няма чаго бога гнявіць гл. гнявіць.

Няма чаго богу грашыць гл. грашыць.

Няма чаго граху таіць гл. таіць.

Няма чаго казаць гл. казаць ​1.

Няма чаго на бога ківаць гл. ківаць.

Няма чаго рабіць гл. рабіць.

Няма чым крыць гл. крыць.

Рады няма — не хапае сілы, магчымасці справіцца з кім‑, чым‑н. І рукамі і нагамі пачала адбівацца [Петрачыха], чалавеку ледзь вачэй не павыдзірала. Рады няма з гэтай бабаю. Лобан.

Ратунку няма — пра вельмі моцную ступень праяўлення чаго‑н.

Слоў няма — бясспрэчна, канечне, няма падставы сумнявацца.

Сухога месца (рубца) няма на кім — усё прамокла, усё стала мокрым.

Ходу няма каму-чаму — а) пра адсутнасць магчымасці праявіць свае здольнасці ў якой‑н. галіне; б) пра адсутнасць попыту на што‑н., шырокага выкарыстання чаго‑н.

Цаны няма каму-чаму — вельмі дарагое, неацэннае.

няма́заны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які не мазалі, не змазвалі. Нямазаныя колы.

няма́ла, прысл.

Даволі многа. Гарадоў Я пабачыў нямала. Астрэйка. — Так, — задумёна прамовіў Мікола, — працы наперадзе нямала. Краўчанка.

няма́шака, безас. у знач. вык.

Разм. Тое, што і няма. — Заходзь, заходзь, не ўзірайся. Я дома, — пазвала Зося. — А я думала, што цябе нямашака ў хаце, — сказала знадворку Волька. Гартны. [Сымон:] Ці тата яшчэ не вярнуўся? [Марыля і Данілка:] Не, нямашака яшчэ. Купала.

няме́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да немцаў; які належыць немцам, уласцівы ім. Нямецкая мова. □ За гумном .. на высокім узгорку тырчыць аброслы бур’янам нямецкі дот, яшчэ з першай сусветнай вайны. Брыль.

•••

Нямецкі вугал гл. вугал.

няме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца нямым, траціць здольнасць гаварыць. // перан. Змаўкаць, застываць у маўчанні. Калі бярэцца на цвет чаромха,.. — падае голас салавей. Ён ажывае ўвечары, ён нямее днём. Пташнікаў. Пазіраючы на паравозы, слухаючы свісткі,.. [Чарняхоўскі] нямеў ад захаплення. Мележ.

2. перан. Траціць адчувальнасць (ад холаду, стомы і пад.). Нямеюць, заходзяцца на марозе ногі. Лынькоў. [Скрынкі] уразаюцца ў плечы, паднятыя ўверх рукі нямеюць. Новікаў. // Рабіцца нерухомым, сціхаць. Вецер нямее, хмар не відаць. Купала.

нямі́ла,

1. Прысл. да нямілы (у 3 знач.).

2. безас. у знач. вык. Не падабаецца, не да сэрца. Як я цяпер разумею, бацьку няміла было леснікоўства, цягнула праца на зямлі. Лужанін. Было маркотна і няміла У тым пустым, здзічэлым полі. Колас.

нямі́ласць, ‑і, ж.

Непрыязнасць, непрыхільныя адносіны да каго‑н. Амерыканскія капіталісты пра негра ўспамінаюць толькі ў тым выпадку, калі ў іх з’яўляецца патрэба ў рабочай сіле, якую можна выкарыстаць за бясцэнак.. Узнагародай жа за ўсё гэта з’яўляецца няміласць. Філімонаў.

нямі́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не прыносіць радасці; абрыдлы. Змарыліся хлопцы страшэнна, а голад пачаў дапякаць, што і вясна і ўвесь свет зрабіліся нямілымі. Маўр. Нямілая Цітку стала і работа ў лесе. Лобан.

2. у знач. наз. нямі́лы, ‑ага, м.; нямі́лая, ‑ай, ж. Чалавек, які не выклікае сімпатыі.

нямко́, ‑а, м.

Разм. Тое, што і нямы (у 1 знач.). Маці мяне папярэдзіла, што дзядзька Піліп будзе ў нас жыць і што ён — нямко. — Як нямко? — доўга не разумеў я. — Не чуе нічога і не гаворыць. Сачанка.