няке́млівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць някемлівага, адсутнасць кемлівасці. — Марыя Дзям’янаўна, выбачайце за маю такую слепату, някемлівасць, — прамовіў Грушка, — вось сяджу і не бачу, хто сядзіць са мною побач. Пестрак.
няке́млівы, ‑ая, ‑ае.
Які слаба кеміць; нездагадлівы. [Андрэй:] — От каб запалкі былі, агонь расклалі б. Ды дзе іх тут возьмеш? — Зусім ты някемлівы, — засмяяўся Васіль. — Брат жа твой курыць, а ты надзеў яго пінжак... Скрыпка.
няке́пскі, ‑ая, ‑ае.
Даволі добры, нядрэнны. Добры хутар! Месца вясёлае, усе выгоды пад рукою. Тут табе і зямля, і паша, і дровы. І зямля някепская... Колас. Дзяўчынка ведала, што бацька яе някепскі камбайнер. Даніленка.
някі́дкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які не кідаецца ў вочы; няяркі. У чалавека, які вёў размову з Мядзведзевым, просты, някідкі твар з кірпатым носам, валасы старчаком. Навуменка.
някле́тачны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які не мае клетачнай будовы. Няклетачнае рэчыва. Няклетачныя расліны.
няко́рмлены, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не кармілі; галодны. У хляве ў Акцызніка адзываліся запёртыя нанач, мусіць някормленыя, свінні. Пташнікаў.
няко́ўкі, ‑ая, ‑ае.
Які дрэнна куецца. Някоўкі чыгун.
няко́шаны, ‑ая, ‑ае.
Які не касілі, не скасілі. Сустрэлі.. [Андрэя з сям’ёй] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком, някошаныя, замшэлыя сенажаці. Пестрак. Паплавы стаялі някошаныя, і дзе-нідзе другі раз зацвіталі кветкі. Асіпенка.
някра́нуты, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не краналі. Нібы памытая бялізна, Сняжок някрануты рыпіць. Макаль. Дом быў зусім някрануты [снарадамі], толькі без шыб у вокнах. Галавач.