Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няна́вісць, ‑і, ж.

Пачуццё моцнай варожасці, непрыязнасці. І старадаўняя нянавісць, выгадаваная вякамі гнёту і здзеку, гарэла цяпер у сялянскіх вачах вялікім гневам. Бядуля. Нянавісць да ворага.. зусім натуральна зыходзіць ад любві да радзімы. Брыль.

няна́скі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Не наш (у 1 знач.), не свой; далёкі. Нянаскі чалавек. □ Траскучы мароз размаляваў шыбы дзівоснымі ўзорамі нянаскіх кветак. «Маладосць».

ня́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

1. Жанчына, якая даглядае дзяцей у сям’і. Усе на працы. У парку адны нянькі з дзецьмі. Лынькоў. Старэйшыя дочкі.. служылі нянькамі ў крамнікаў. Бядуля.

2. перан. Той, хто апякае каго‑н., клапоціцца аб кім‑н. Радавым я матросам На эсмінцы служыў. Паліняў чуб цыганскі Ад солі марской. Боцман строгай быў нянькай На хвалі крутой. Жычка.

ня́ньчанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. няньчыць.

ня́ньчын, ‑а.

Які мае адносіны да нянькі, належыць няньцы. Няньчына хустка. □ Да няньчыных казак далучыліся народныя песні і гульні — натуральная жывая сялянская паэзія. Шырма.

ня́ньчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак., з кім-чым.

1. Даглядаць дзіця. — З намі жыла мая маці. Днём яна няньчылася з дзіцем. Васілевіч. Прыйдзе [муж] дахаты змардаваны, павячэрае і лажыцца спаць.. А [жонка] прадзе ды з дзяцьмі няньчыцца. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Празмерна клапаціцца аб кім‑, чым‑н., аддаваць многа ўвагі каму‑, чаму‑н.; вазіцца. Дактары.. [чалавека] з рук не выпускалі. І прафесары і акадэмікі няньчыліся з ім. Паслядовіч. // Гуляць, забаўляцца. [Марына] няньчылася з.. [мопсам], нібы малое дзіця з лялькай, ад душы смяялася з яго забаўных выхадак і нават размаўляла з ім, як з чалавекам. Шахавец.

ня́ньчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго.

Даглядаць дзіця. Аньцы дазвалялі хадзіць у школу, увесь іншы час яна павінна была няньчыць дзіця гаспадара. Мележ. Я падумаў сабе з болем: «Насця такі навучылася дзяцей няньчыць, усіх жа гэтых хлапцоў перакалыхала ды перанасіла на сваіх руках...» Сабаленка.

ня́ня, ‑і, ж.

1. Ласк. да нянька (у 1 знач.).

2. Санітарка ў бальніцы, медпункце. Можна было паклікаць сястру ці няню і загадаць правесці.. [жанчыну] да хворага, але чамусьці зрабіць гэта мне хацелася самому. Васілевіч. Калі няня патушыла святло [у палаце] і, здаецца, растала ў дзвярах, сілы раптам адхлынулі ад Веры Антонаўны. Карпаў.