Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нязбы́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нязбытнага; нездзяйсняльнасць. Нязбытнасць мар.

нязбы́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што не можа збыцца; нездзяйсняльны. Нязбытная мара. Нязбытныя планы.

2. Такі, якога нельга або цяжка пазбыцца. У шаравата-блеклых вачах.. [батрака] заставаўся той самы нязбытны сум і спалох, за якімі — па выгляду — ні смелай думкі, ні дужага смеху. Брыль.

нязва́ны, ‑ая, ‑ае.

Які з’явіўся куды‑н. без запрашэння. [Віталія:] — А я падышла — шум, гам. Во, думаю, трапіла няпрошаная, нязваная. Шамякін. Зброю к бою, партызаны! Лезе ў хату госць нязваны. Крапіва.

нязве́данасць, ‑і, ж.

Стан нязведанага. Ноч палохала трывогай, нязведанасцю, горкім сумам па страчаным, па загубленым. Лынькоў.

нязве́даны, ‑ая, ‑ае.

Які не даследавалі, не вывучалі раней. Цаліну штурмаваць вёз цягнік нас імклівы, У далёкую даль, у нязведаны край. Гілевіч. // Які не давялося перажыць, зведаць; незнаёмы. Сяброўства з пастушкамі было для мяне нязведаным шчасцем. Бядуля. Зусім новае, нязведанае пачуццё агарнула Алега. Гамолка.

нязвы́кла,

1. Прысл. да нязвыклы (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё нязвыкласці, якое адчувае хто‑н. Неяк нязвыкла глядзець на апушаныя снегам кусты чаромхі, якая паспела апрануцца ў зеляніну. Ігнаценка.

нязвы́класць, ‑і, ж.

Уласцівасць нязвыклага.

нязвы́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ўвайшоў у прывычку, не стаў прывычкай. Ліда паздароўкалася з настаўнікамі і ветліва запрасіла іх у хату. Яна была і задаволена і трох[і] саромелася яшчэ нязвыклай для яе ролі гаспадыні. Колас. // Непрывычны, незнаёмы. Ляцець належала ноччу. Усё ў самалёце было нязвыклае, чужое. Новікаў.

2. Які не звыкся з чым‑н., не набыў прывычкі рабіць што‑н. Коні палахліва стрыглі вушамі, касавурыліся назад і, нязвыклыя да гэткай дзіўнай работы — скародзіць дарогу, — бязладна торгалі пастронкамі. М. Ткачоў.

3. Не такі, як заўсёды. Клара глянула на.. [Васіля] нязвыклым позіркам шэрых вачэй і адразу ж прыкрыла іх доўгімі вейкамі. Асіпенка.

нязвы́чна,

1. Прысл. да нязвычны.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё нязвычнасці, якое адчувае хто‑н. Навокал было нязвычна ціха і спакойна. Мележ.

нязвы́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нязвычнага. Нешта гняце.. [Валодзю]: ні то сорам, ні то нязвычнасць становішча, у якое ён трапіў. Федасеенка.