Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няга́снучы, ‑ая, ‑ае.

1. Які гарыць, свеціць увесь час. Нягаснучае ззянне.

2. перан. Які не забываецца, не слабне. Нягаснучая слава.

няга́шаны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: нягашаная вапна гл. вапна.

няге́глы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Кволы, слабы; няўдалы. Нейкі нягеглы дзядок, якому не наўме ўжо, відаць, і кухаль піва,.. стаіць побач з машынай. Брыль. Сын Вінцэнт быў нейкі нягеглы. На людзях мала паказваўся, а калі трапляў каму на вочы, дык рабіў уражанне вар’ята. Броўка.

2. Непрыгожы з выгляду, нязграбны; няўклюдны. Мікодым пры газоўцы слібізаваў па літары пратакол вобыску, падпісваў яго крывымі, нягеглымі лацінскімі літарамі. Сабаленка. Фурман, сівавусы чалавек, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нягеглы, кідаўся ва ўсе бакі. Караткевіч.

3. Няўмелы, ні да чаго не здатны. Нельга сказаць, каб Марына была нікуды не вартая. Не! У сям’і Рамана наогул нікога не было нягеглага або недалужнага. Ермаловіч.

нягі́бкі, ‑ая, ‑ае.

1. Няздольны лёгка гнуцца, згінацца; пруткі. Нягібкі дрот. Нягібкае вецце. // перан. Бедны на адценні, невыразны (пра голас, мову і пад.).

2. перан. Які няўмела, марудна рэагуе на пэўныя абставіны, умовы. Нягібкі розум. Нягібкая палітыка.

нягла́дкі, ‑ая, ‑ае.

Няроўны, шарахаваты. Нягладкая дошка. // перан. Які мае ў сабе пэўныя хібы, заганы; немілагучны (пра вершы, прамовы і пад.). Хоць у Багушэвіча і сустракаюцца часамі нягладкія, неадшліфаваныя вершы, хоць яго некаторыя вершы збіваюцца на сілабічную метрыку, усё ж па паэтычнаму майстэрству ніхто з беларускіх паэтаў XIX ст. не можа зраўняцца з Багушэвічам. Івашын.

нягле́дзячы,

У спалучэнні: нягледзячы на прыназ. з В. Не прымаючы пад увагу чаго‑н., насуперак чаму‑н. Нягледзячы на трывожны час, рынак жыў сваім звычайным жыццём. Якімовіч. Смех і жарты не сціхалі хвілін пяць, нягледзячы на самыя энергічныя захады Ніны Іванаўны супакоіць [дзяцей]. Краўчанка.

нягну́ткі, ‑ая, ‑ае.

Які не можа згінацца, гнуцца. На кароткіх прывалах [салдаты] падалі ў снег, скручвалі нягнуткімі пальцамі цыгаркі. Марціновіч. Нават дзядзька Каленік з маўклівым Фрэдам знялі чорныя, нягнуткія, быццам бляшаныя, фартухі і дапамагалі збіраць сцены дома. Даніленка.

няго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. звычайна мн. (няго́ды, няго́д і ‑аў). Няшчасце, ліхая гадзіна; непрыемнасці. Прамінуў час бяды і нягод, Каб ён больш не прыходзіў ніколі! Астрэйка. Як ні кажы: удваіх усё-такі лягчэй жыццёвыя нягоды пераадольваць, чым аднаму. Ігнаценка.

2. Дрэннае надвор’е; непагода. На дварэ нягода крыху супакоілася. Вецер сціх, толькі церушыўся дробны рэдзенькі дождж. Чарнышэвіч. Цёплаю парою, калі не было нягоды, Канстанцін Міхайлавіч сядзеў заўсёды.. [пад вязам]. Лужанін.

няго́днік, ‑а, м.

Чалавек ганебных, несумленных паводзін; нізкі чалавек. Муж аказаўся нягоднікам. Лёля пакідае яго. Хадкевіч. — Я пагарджаю табой. Ты — баязлівец, вось хто, — даляцеў з зямлянкі жаночы голас. — Цябе судзіць трэба, расстраляць, нягодніка. Дзенісевіч. // Ужываецца як лаянкавае слова. [Палкоўнік:] — Устаць перада мной, нягоднік! Лынькоў.

няго́дніца, ‑ы, ж.

Жан. да нягоднік.