нялёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Значны па вазе, даволі цяжкі. Воз нялёгкі Па гразі Па калодкі грузне. Крапіва.

2. Які патрабуе шмат энергіі, сіл; цяжкі. Праца была нялёгкая. Хто не ведае працы балагола?.. Гартны. Паход цэлым атрадам быў нялёгкім, асабліва таму, што пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы. Брыль. // Такі, якога можна дасягнуць шляхам вялікіх намаганняў, з вялікай цяжкасцю. Тры нялёгкія заданні Мне жыццё дало: На начной дарозе дальняй Адшукаць святло; Скласці песню на той мове І на той зямлі, Над якой у час суровы Буры прагулі; Пакідаючы краіну з сонцам веснавым, Сад квітнеючы пакінуць Па шляху сваім. Танк. // Які звязаны з цяжкасцямі. Рая з наіўнасцю пераймае ўсё, што робіць гэтая спрактыкаваная жанчына, — вучыцца нескладаным, але і нялёгкім абавязкам маці. Шамякін. Усё жыццё — нялёгкая вандроўка. А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)