няскла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не вызначаецца складнасцю, зграбнасцю. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом.. Побач з ім сядзеў узводны Букрэй — няскладны і шырокі, як шафа. Колас. [Громаў-Дар’яльскі] сядзеў, абхапіўшы калені няскладнымі кашчавымі рукамі, і курыў. Васілевіч. // Дрэнна, непрыгожа зроблены; нязграбны. [Жанчына] прыехала на нейкім няскладным вялікім возе, у які быў запрэжаны высозны і худы конь. Чорны.

2. Пазбаўлены лагічнай паслядоўнасці, сувязі. Дзед.. насмешліва пазіраў на хлопцаў, слухаючы іх няскладную гутарку. Чарнышэвіч. // Нязладжаны, нястройны (пра гукі, спеў і пад.). А тут музыка грае ўвесь час, нейкая няскладная, дзікая; гучней за ўсё грыміць бубен. Нікановіч.

3. Няўдалы, недарэчны. Варка — кемлівая, разумная, але сама, здаецца, пакутуе ад няскладнага кахання. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)