Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

на́нава, прысл.

1. Не так, як раней, іначай, па-новаму. Пасля зімы чалавек пазнае зямлю нанава. Пташнікаў. Трэба было папраўляць літаральна ўсё.. — іначай кажучы, пісаць аповесць нанава, зусім другой танальнасці. Скрыган.

2. Яшчэ раз; зноў, спачатку. Песня непасрэдна абуджае пачуцці, змушае быццам нанава перажываць радасць, крыўду, нянавісць. Шырма. Гендарсан ціхенька ўстаў, адзеўся, пайшоў у кухню, памыўся халоднай вадой і адчуў сябе так бадзёра, нібы нанава нарадзіўся на свет. Чарнышэвіч. І ўсё-такі пачынаць жыццё нанава Максім Сцяпанавіч не мог. Карпаў.

нана́ец,

гл. нанайцы.

нана́йка,

гл. нанайцы.

нана́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нанайцаў, уласцівы ім. Нанайская мова. Нанайская культура.

нана́йцы, ‑аў; адз. нанаец, ‑найца, м.; нанайка, ‑і, ДМ ‑найцы; мн. нанайкі, ‑наек, ж.

Народнасць манчжура-тунгускай моўнай групы, якая жыве на Далёкім Усходзе ў басейне ракі Амур.

нанасі́цца, ‑нашуся, ‑носішся, ‑носіцца; зак.

Разм. Многа, доўга або ўволю панасіць каго‑, што‑н. Нанасіцца вады за дзень. □ Эх ты, лёс чалавечы! Што ты робіш са мною? Я яшчэ не нанасіўся.. Сяргейкі, не нацешыўся ўсмешкамі. Сабаленка. // Напрацавацца, носячы што‑н. — Я прынясу [вады] яшчэ, — кажу я, — прынясу!.. Ды мама не дае мне вядра. — Наносішся яшчэ, — гаворыць яна. Брыль.

нанасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., чаго.

Прынесці ў нейкай колькасці за некалькі прыёмаў. Нанасіць бочку вады. □ Чырвонаармейцы жыва нанасілі дроў, разлажылі касцёр. Колас. А дзед тым часам кончыў лыка драць, Галля ды буралому нанасіў. Танк.

на́нач, прысл.

1. З наступленнем, пачаткам ночы. Учора нанач вецер сціх, заружавелася на захадзе неба, памацнеў холад, паказвала на мароз. Пташнікаў. [Лабановіч:] — Дык нават, бабка, не ў нядзельку, а ў суботу нанач надумаўся я паехаць у госці да таго паніча! Колас. // На начны час, на ўсю ноч. Кветкі, якія згортвалі нанач свае пялёсткі, распусціліся, і вакол іх звінелі пчолы, бомкалі чмялі. Дайліда. // Перад начным сном. Памыцца нанач. □ З-за дзвярэй Балеслаў чуў, як [маці] малілася нанач. Чорны.

2. На начлег, каб пераспаць ноч. Застацца нанач. □ Чалавек адказаў, што ён жабрак і просіцца нанач. Галавач. Дайшоў [Іван] да таго горада, дзе жыў цар, і папрасіўся ў аднае бабулі нанач. Якімовіч.

на́нду, нескл., м.

Паўднёваамерыканскі трохпальцы страус.

нане́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад нанесці.