Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ная́ве, прысл.

У рэчаіснасці, на самой справе. Міне год — паўтара, і ўсё, што было ў праекце архітэктара, паўстане наяве. Хадкевіч. Тышкевічу здалося, што ён быў заснуў і ўбачыў сон. Але голас гучаў наяве. Асіпенка.

наяву́, прысл.

Тое, што і наяве. Я не на глобусе на ўроку, А бачу наяву Урал. Смагаровіч. Сягоння я не ў марах, наяву Магу дастаць для любай зорку з неба. Макаль.

ная́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — німфа рэк і ручаёў; русалка.

2. Аднагадовая водная травяністая расліна сямейства наядавых, якая мае тонкае разгалінаванае сцябло і малапрыкметныя адзіночныя кветкі.

3. Лічынка страказы (а таксама аўсяніка, вяснянкі), якая жыве ў вадаёмах.

[Грэч. naiades ад náō — цяку.]

ная́давы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да наяды (у 2, 3 знач.).

2. у знач. наз. ная́давыя, ‑ых. Сямейства аднадольных раслін, да якога адносіцца наяда (у 2 знач.).

наяда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да наесціся.

наяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наесці.

наязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да наехаць.

2. Час ад часу прыязджаць. Старыя яшчэ і цяпер памятаюць, як [сын] часам улетку наязджаў у Гарнастаеўку. Сабаленка.

3. Рабіць наезды, нападаць. [Цімох Будзік:] — Узброеныя польскія шайкі наязджаюць з кулямётамі. Колас. [Карнікі] звычайна наязджалі і распраўляліся ў сёлах, дзе сустракалі сабатаж або сляды партызанскай дзейнасці. Скрыган.

ная́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Энергічна, з запалам іграць (на музычным інструменце) або з азартам, з асаблівай стараннасцю рабіць што‑н. На вуліцы гарманіст наярваў вальсы, «каробачкі», «расходжага». Каваль. На ніжэйшых палатках парылася двое. Адзін ляжаў спінаю ўгору; другі хвастаў яго распараным венікам. А той варочаўся пад венікам, як япрук, і ўсё камандаваў: — А та-та-та! Д-давай, давай, давай! Каля лапатак наярвай, кажу табе! Чорны.

наяршы́цца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

Абл. Стаць задзірлівым, раззлавацца; насупіцца. [Ніна:] — А памылкі ў кожнага бываюць. — Даміра наяршыўся. — Наконт памылак не вучы. Асіпенка.

ная́ўнасць, ‑і, н.

1. Прысутнасць, знаходжанне, існаванне. Нанач, як заўсёды, па ўсім астрозе прайшла праверка наяўнасці вязняў. Машара. Міхал прыняў змену. Агледзеў электроды, прыдзірліва праверыў наяўнасць шлаку ў печы. Карпаў.

2. Фактычная колькасць чаго‑н. у даны момант (пра грошы, тавары і пад.). Касавая наяўнасць.