Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нае́дак, ‑дку, м.

Разм. Тое, чым можна наесціся; пажыўнасць яды. Яблыкі — не вялікі наедак. Які з цукерак наедак? □ Даўгулевіч.. абсмоктваў гусіныя лапкі. Наедак, праўда, невялікі, але Даўгулевіч не мог ад яго адарвацца. Гурскі. [Цешча:] — Ат, кідай сёрбаць, які з таго варыва наедак. Я табе, Міхаська, лепш драчонаў.. дам. Б. Стральцоў. // Пажыва. У засені зараснікаў нерухома стаяць вялізныя, як плашкі, шчупакі, пільнуючы сабе наедку. Лужанін.

на́едзь, ‑і, ж.

Камень на зубах у каня.

нае́зд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. наязджаць (гл. наехаць у 1 знач.). Наезд машыны на чалавека.

2. Прыезд каго‑н. куды‑н. на нейкі час. З сваіх нядоўгіх наездаў у родную вёску я ведаў, што суседзі-гусараўцы жывуць самі сабе, ні багата і ні бедна. Ракітны. // у знач. прысл. нае́здам, нае́здамі. Прыязджаючы зрэдку і ненадоўга. Гаспадаркай.. [пан] цікавіўся мала, жыў у Мінску і бываў у маёнтках толькі наездам. С. Александровіч.

3. Раптоўны набег, напад вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. Кандрат Вус, зачуўшы наезд польскай конніцы, .. кінуўся на задворкі, каб драпануць адтуль у лес. Колас. Не задаволіліся карнікі адным наездам, дзён праз два паведаліся яшчэ раз. Лобан.

нае́зджаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад наездзіць.

2. у знач. прым. Які стаў роўным, гладкім ад частай язды (пра дарогу, якую‑н. паверхню). Коні фыркалі і лёгка беглі па наезджанай дарозе. Шамякін.

нае́зджы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які прыехаў, паехаў адкуль‑н. Наезджы люд.

нае́здзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Разм. Многа, удоваль наездзіць. Наездзіцца за дзень.

нае́здзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. і без дап. Праездзіць нейкі час. На гэтай машыне доўга не наездзіш. // Разм. Ездзячы, праехаць пэўную колькасць кіламетраў. Шафёр наездзіў сто тысяч кіламетраў.

2. Частай яздой пракласці, утрамбаваць дарогу. Наездзіць шлях.

нае́знік, ‑а, м.

1. Чалавек, які добра ездзіць вярхом; яздок. Жаўнер быў выдатны наезнік, і конь пад ім быў лёгкі і быстры. Колас.

2. Тое, што і жакей. Пад адабральны гул трыбун наезнікі прадэманстравалі сваё майстэрства ў пераадоленні бар’ераў. «Звязда». // Цыркавы артыст, які выступае на кані.

3. Спецыяліст, які займаецца на конных заводах.

4. Дробнае насякомае атрада перапончатакрылых, якія адкладваюць яечкі ў цела вусеняў іншых насякомых.

нае́зніца, ‑ы, ж.

Жан. да наезнік (у 1–3 знач.).

нае́зніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да наезніка (у 1–3 знач.).