Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

над, прыназ. з Т і В.

Спалучэнне з прыназ. «над» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Т. Ужываецца пры абазначэнні размяшчэння, знаходжання каго- ці чаго‑н. зверху, паверх каго- ці чаго‑н. Туман сцелецца над полем. Сцягі над горадам. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Колас. Песня расла, шырылася, узнімалася вышэй і вышэй, над гумном, над садам, над цёмнаю сажалкай, над калодзежнымі журавамі. Лынькоў. І над Расіяй назаўсёды Зару Кастрычнік запаліў. Астрэйка. // Пры словах «рака», «возера», «балота» і пад. можа ўказваць і на размяшчэнне ў непасрэднай блізкасці да таго, што названа залежным словам. Гарадок над Дзвіной. □ Шкода хаткі мне старэнькай З латанай страхою, Што схілілася над Нёмнам Горкай сіратою. Колас. Каля млына над возерам устае, быццам белая воўка, пахучы туман... Бядуля. // Ужываецца для ўказання на становішча ці акалічнасць, якія пануюць, ахопліваюць што‑н. Раніца ярка Зардзіць над зямлёй. Купала.

Аб’ектныя адносіны

2. з Т. Ужываецца для абазначэння адносін дзеяння да якіх‑н. аб’ектаў, накіраванасці яго на што‑н., засяроджанасць на чым‑н. Працаваць над творам. Задумвацца над пытаннем. □ Алёшка і Юрка адразу звесілі чубы над чарцяжом. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні кіруючага становішча ў адносінах да каго- ці чаго‑н. Улада над калектывам. Начальнік над усімі прадпрыемствамі раёна. □ [Насцечка] спакойна і вытрымана працавала каля дошкі і ўзяла верх над .. [Сержам]. Чорны. Тварыў [баярын] закон свой і свой суд Над абнядоленым народам. Купала.

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні праяўлення якога‑н. пачуцця ў адносінах да каго- ці чаго‑н. (са словамі «смяяцца», «плакаць», «галасіць», «гараваць» і пад.). Не смейся над чужой бядой. Плакаць над стратай. □ Сумна вецер плакаць стане Над будынкам мужыкоў. Колас.

Адносіны меры і ступені

4. з Т. Разм. Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях для выражэння вышэйшай ступені чаго‑н. Мароз над маразамі. □ Я — пралетар!.. Яшчэ ўчора раб пакутны — Сягоння я зямлі ўладар І над царамі цар магутны! Купала.

Параўнальныя адносіны

5. з В. Уст. Ужываецца пры называнні аб’екта параўнання, супастаўлення. Над яе няма прыгажэйшай.

над... (а таксама над’..., нада...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў са значэннямі:

1. Павелічэнне, пашырэнне прадмета да пэўнай мяжы, нормы, напрыклад: надбудаваць, надтачыць, надставіць, надвязаць, надклеіць, надшыць.

2. Няпоўны ахоп прадмета дзеяннем, няпоўнае дзеянне, напрыклад: надкапаць, надпіць, надламаць, надпілаваць.

II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў са значэннем больш высокага становішча, напрыклад: надброўе, надгартанны.

над’..., прыстаўка (гл. над...).

Ужываецца замест «над» перад галоснымі «е», «я», напрыклад: над’ехаць, над’ядаць.

нада, прыназ. з Т.

Ужываецца толькі ў спалучэнні «нада мною (мной)». Тое, што і над (у 1, 2 і 3 знач.). Ой вы, думкі, думкі, Сэрца майго раны! Ці вы мае дзеці, Ці вы кім пасланы? Што ж вы забіліся Віхрам нада мною, І няма ніколі Мне ад вас спакою? Колас. Адшумелі буры нада мной. Звонак.

нада..., прыстаўка (гл. над...).

Ужываецца замест «над».

1. Перад зычнымі, пасля якіх пішацца мяккі знак або апостраф, напрыклад: надалью, надап’ю.

2. Перад збегам двух зычных, у складзе якіх ёсць звычайна «р», «л», «м», «н», напрыклад: падабраць, нададраць, надагнуць, надаслаць.

надабало́нны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, размешчаны над абалонай (у 1 знач.); надпоймавы.

надабра́ць, надбяру, надбярэш, надбярэ; надбяром, надбераце; што і чаго.

Разм. Зменшыць колькасць чаго‑н. (пра сыпкія, вадкія і інш. рэчывы).

надава́цца 1, ‑даецца; незак.

Зал. да надаваць ​1.

надава́цца 2, ‑даюся, ‑даешся, ‑даецца; ‑даёмся, ‑даяцеся; зак.

Разм. У выразе: усім не надаешся — усё роўна на ўсіх не хопіць (асабліва калі не хочацца даваць чаго‑н.).

надава́ць 1, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце.

Незак. да надаць (у 1–4 знач.).

надава́ць 2, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце; зак.

Разм.

1. чаго. Даць нейкую колькасць чаго‑н. за некалькі прыёмаў. Надаваць рэчаў. Надаваць лякарства. □ Сарамліва, але добра пераказаў .. [Ігнась] вывучаны верш, і за гэта настаўніца надавала яму падарункаў. Мурашка.

2. Пабіць. Надаваць па карку.

надагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., што.

Разм. Трошкі сагнуць. Надагнуць дрот.