нааба́пал,
1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «наабапал» выражае прасторавыя адносіны: указвае на размяшчэнне з абодвух бакоў каго‑, чаго‑н. Ельнік цягнуўся наабапал чыгункі. □ Наабапал сцежкі чорнымі пластамі ляжалі скібы тлустай зямлі. Васілёнак. Прыгожа павіваюцца дарожкі ў полі, гэтыя красёнцы людскога клопату і працы, а наабапал іх нахіляецца жыта. Колас.
2. у знач. прысл. З абодвух бакоў. Наабапал старыя могілкі пазарасталі рутаю, чаб[а]ром і мятаю. Мурашка.
наабво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Абараць плугам або акучнікам вялікую колькасць чаго‑н.
наабгаблёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Нагабляваць вялікую колькасць чаго‑н. Наабгаблёўваць дошак.
наабганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., чаго.
Абараць акучнікам вялікую колькасць чаго‑н. Наабганяць бульбы.
наабго́н, прысл.
Абл. Навыперадкі. Снег растане, і ў душных туманах Пабягуць наабгон ручайкі. Гаўрусёў.
наабдзіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Надраць вялікую колькасць чаго‑н. Наабдзіраць кары. □ Раз [Юрка і Юзік] падышлі да Алеся: — Алесь, дай мы наабдзіраем з гэтага галля калматага моху. Чорны.
наабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Абабіць вялікую колькасць чаго‑н. Пахла альховае лісце, яго наабіваў ля ракі вецер. Пташнікаў.
наабіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
1. Абіраючы, сабраць у нейкай колькасці. Наабіраць кош яблык.
2. Нааблупліваць, наабрэзваць у нейкай колькасці. [Маці] ужо наабірала бульбы, перамыла яе і перакладвае дровы ў печы. Кудравец.
наабкало́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Абкалаціць многа чаго‑н. Наабкалочваць груш з дрэва.
наабко́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Абкапаць вялікую колькасць чаго‑н.