Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наха́ба, ‑ы, м. і ж.

Разм. Нахабны чалавек, нахабная істота; назола. «Ну і задавака, ну і нахаба! — падзівіўся, зазлаваў Міканор. — Дзержыцца, як бы роўнага яму нікога няма, багацей паганы!..» Мележ.

наха́бнасць, ‑і, ж.

1. Бессаромная назойлівасць, бесцырымоннасць. Патржанецкі з цікавасцю аглядаў.. сухенькага, ужо старога чалавека, які, нягледзячы на старасць, трымаўся як малады, глядзеў у вочы без страху, але і без нахабнасці. Чарнышэвіч. — А вы не пашкадуеце потым, калі даведаецеся, аб чым ідзе гутарка? — з інтрыгуючай нахабнасцю, нібы пагражаючы, цягнуў далей незнаёмы. Машара.

2. Нахабны ўчынак. Сякерын, не пытаючы дазволу, бярэ дзяўчыну пад руку, а яна, як бы ў адказ на ягоную нахабнасць, левай рукой бярэ мяне пад руку. Сабаленка.

наха́бнік, ‑а, м.

Бессаромны, бесцырымонны чалавек. Дзяўчына адзявалася з густам, але не крыкліва, з хлопцамі трымала сябе сціпла, нахабнікаў ненавідзела. Бажко. / Пра жывёл, птушак, насякомых. Нахабнікі-вераб’і хутка заўважылі адсутнасць гаспадароў [у гняздзе] і занялі яго з крыкам і бойкай. Пальчэўскі.

наха́бніца, ‑ы, ж.

Жан. да нахабнік.

наха́бніцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы нахабніку.

наха́бнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Паводзіць сябе нахабна, бесцырымонна.

наха́бны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца нахабствам; бесцырымонны, бессаромны. Нахабныя дамаганні. □ [Адам:] — Ёсць, брат, у горадзе людзі, якія не пакарыліся і не пакарацца нахабным заваёўнікам... Якімовіч. Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы. Чарнышэвіч. // Назойлівы, неадчэпны (пра жывёл, птушак, насякомых). Дзверы ў сенцы яшчэ не адчынены, ды каля парога, на траве, стракаціць ужо і настойліва кланяецца хаце вечна галодная, нахабная арава качак. Брыль. // Які выражае нахабства. Нахабны тон. Нахабны выгляд. □ Лена адвярнулася: вельмі ж нахабны позірк у гэтага «казла», як называлі Вадзягу ў сяле. Ваданосаў.

наха́бства, ‑а, н.

1. Бессаромная назойлівасць, бесцырымоннасць. [Гузакоўскі] з’яўляўся прадстаўніком таго ўжо выміраючага племені «універсальных дзеячаў», якія з аднолькавым поспехам і нахабствам гатовы заняць любую пасаду ў любой установе. Краўчанка.

2. Нахабны ўчынак. А Хведар ужо спалохаўся сваіх слоў. Як ён адважыўся так жартаваць! Ці не падобна гэта на нахабства?.. Чарнышэвіч.

нахава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разм. Схаваць што‑н. у вялікай колькасці. Нахавала вавёрка арэхаў на зіму.

нахадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

Пахадзіць многа, доўга, уволю. Дзень прамінуў для Міхася неўзаметку, хоць і нахадзіўся ён і напрацаваўся за добры іншы тыдзень. Якімовіч. [У вёсцы] я цудоўна адпачыў, пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі, нахадзіўся ўдосталь па лесе і сенажацях. Ляўданскі. // Стаміцца, змарыцца ад хады. Нахадзіўся, што ног не чуе.