наўбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Убіць вялікую колькасць чаго‑н. куды‑н. Наўбіваць цвікоў у сцяну.
наўга́д, прысл.
Не будучы цвёрда ўпэўненым; як выйдзе, як прыйдзецца. Я пастаяў яшчэ трохі і пайшоў наўгад па мокрым і слізкім полі, пайшоў у цемру. Сачанка. Немцы стралялі наўгад, без карэкціроўкі свайго агню. М. Ткачоў.
наўгало́п, прысл.
Наўскач, галопам; вельмі хутка. Конь узвіўся на дыбы, пераскочыў лужыну і памчаў наўгалоп. Сіняўскі. Невялікі дарашаваты конік стараўся з усіх сіл і імчаў наўгалоп. Карпаў.
наўгру́нь, прысл.
Абл. Бягом; угрунь. Мы хутчэй уціснулі вазы і амаль наўгрунь пагналі коней, каб не даць набракнуць таму, што схапілі сухім. Ермаловіч.
наўдалу́ю, прысл.
Вельмі смела, безразважна; як удасца.
наўда́чу, прысл.
У надзеі на зручны выпадак; як удасца. Страляць наўдачу.
наўза́хапкі, прысл.
Разм.
1. Стараючыся зрабіць што‑н. першым, пераганяючы адзін аднаго ў чым‑н.; наперабой. Да груш было яшчэ з кіламетр, а мы, сарваўшыся з месца, як спуджаныя вераб’і, пускаліся навыперадкі і наўзахапкі падбіралі смачныя паданкі, разграбаючы апалае лісце. Ракітны.
2. Перабіваючы, перарываючы адзін аднаго. Хлапчукі нешта наўзахапкі расказвалі адзін аднаму. Сачанка.
наўза́хваткі, прысл.
Разм.
1. Наперагонкі.
2. Тое, што і наўзахапкі (у 1 знач.).
наўзбо́ч, прысл. і прыназ.
Разм.
1. прысл. На нейкай адлегласці, асобна ад чаго‑н. Трашчыць касцёр, і бульба варыцца, Табун стрыножаны — наўзбоч. Сербантовіч.
2. прыназ. з Р. Збоку ад чаго‑н. Наўзбоч гаю дзве бярозы ды з дубочкам маладым абняліся так прыгожа на ўзгорачку крутым. Машара.
наўзвалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Узвалачы, усцягнуць куды‑н. вялікую колькасць чаго‑н. Наўзвалакаць сена на вышкі.