на́нач, прысл.
1. З наступленнем, пачаткам ночы. Учора нанач вецер сціх, заружавелася на захадзе неба, памацнеў холад, паказвала на мароз. Пташнікаў. [Лабановіч:] — Дык нават, бабка, не ў нядзельку, а ў суботу нанач надумаўся я паехаць у госці да таго паніча! Колас. // На начны час, на ўсю ноч. Кветкі, якія згортвалі нанач свае пялёсткі, распусціліся, і вакол іх звінелі пчолы, бомкалі чмялі. Дайліда. // Перад начным сном. Памыцца нанач. □ З-за дзвярэй Балеслаў чуў, як [маці] малілася нанач. Чорны.
2. На начлег, каб пераспаць ноч. Застацца нанач. □ Чалавек адказаў, што ён жабрак і просіцца нанач. Галавач. Дайшоў [Іван] да таго горада, дзе жыў цар, і папрасіўся ў аднае бабулі нанач. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)