наблізіцца, ‑бліжуся, ‑блізішся, ‑блізіцца; зак.
1. да каго-чаго і без дап. Рухаючыся, перамясціцца на больш блізкую адлегласць у адносінах да каго‑, чаго‑н. Наблізіцца да стала. Наблізіцца да будынка. ▪ Камендант наблізіўся да Арцёма, расшпіліў кабуру. Бажко. Хутка атрад наблізіўся да.. штаба брыгады. Сіняўскі. Усе прытаіліся і, калі паляўнічыя наблізіліся, хлапчукі пачулі голае Лёні. Ваданосаў. // без дап. Стаць больш блізкім у прасторавых адносінах. Станцыя наблізілася зусім нечакана. Гамолка.
2. Стаць больш блізкім па часу. Пакуль [Дубіцкія] павялі парадак у хаце, наблізіўся вечар. Чарнышэвіч. Праз два дні наблізіліся баі. Грахоўскі. Наблізілася старасць — захацелася адпачынку. Пестрак.
3. Стаць больш чутным. Лёгкія крокі неўзабаве наблізіліся да дзвярэй, у якія выйшла дзяўчына. Мурашка. Трэск галля наблізіўся, і Тоня крыкнула: — Стой! Хто ідзе?.. Шчарбатаў.
4. Стаць блізкім або бліжэй да каго‑, чаго‑н. Наблізіцца да народных мас.
5. Стаць падобным на каго‑, што‑н. Наблізіцца да ідэалу. Наблізіцца да сусветных стандартаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)