набі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. набі; зак.
1. чаго. Убіць, наўбіваць у значнай колькасці. Набіць цвікоў. Набіць калкоў.
2. што. Напоўніць, напхаць чым‑н. Свежым сенам сяннік гаспадыня набіла. Зарыцкі. Селі [старцы], адпачылі, люлькі тытунём набілі. Якімовіч. // Разм. Сабраўшыся ў вялікай колькасці, запоўніць. Народ густа набіў калідор. Мікуліч. Людзей найшло.. Набілі клуб — не дыхнуць. Пташнікаў.
3. што. Прыбіць зверху да чаго‑н. Набіць палатно на падрамнік.
4. што. Ударамі насадзіць. Набіць абруч на бочку. Набіць сякеру на тапарышча.
5. чаго. Разбіць у вялікай колькасці. Набіць шкла. □ Крыніцу назвалі «Тры браты», а каб пра гэта было ўсім вядома, набілі дробненькіх каменьчыкаў і па свежым тынку зрабілі надпіс. Дубоўка.
6. каго. Нанесці пабоі. Пачуўшы Цімкаў плач, выйшла з хаты бабка. Яна думала, што хто набіў хлопчыка. Кулакоўскі. Аканома набілі і прагналі з плантацыі. Караткевіч.
7. каго-чаго. Забіць вялікую колькасць жывёл, птушак і пад. Набіць качак. Набіць зайцаў.
8. што. Зарадзіць зброю з дула. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу. Колас.
9. што. Зрабіць узор асобым спосабам. Набіць рысунак на тканіне.
10. што. Зрабіць балючае пашкоджанне ўдарамі, трэннем. Набіць гуз. Набіць мазалі.
•••
Аскому набіць — тое, што і аскому нагнаць (гл. нагнаць).
Бітком набіць — напоўніць што‑н. вельмі цесна, шчыльна.
Набіць вока — набыць вопыт, уменне вызначыць што‑н. адразу.
Набіць кішэнь — займець вялікія грошы, зрабіцца багатым.
Набіць (наламаць) руку — зрабіцца спрактыкаваным, набыць вопыт у якой‑н. справе.
Набіць сабе цану — узвысіць сябе ў вачах іншых.
Набіць цану — тое, што і нагнаць цану (гл. нагнаць).
Ногі набіць — тое, што і ногі адбіць (гл. адбіць).