набі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пранікнуць куды‑н., запоўніць сабою што‑н. (пра пясок, пыл і пад.). Снег заляпіў твар жанчыны, набіўся пад хустку. Асіпенка. Сарочка.. [Віктара] была падрана на шматкі, у валасы набілася леташняе сухое лісце. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. У той дзень зранку хадзіў.. [Павал] па раллі і поўныя лапці набілася яму пяску. Чорны. // Разм. Сабрацца ў вялікай колькасці дзе‑н., унутры чаго‑н. Звычайна.. [гурткоўцы] заходзілі ў прасторныя хаты, каб туды магло набіцца пабольш суседзяў. Рамановіч. / у безас. ужыв. Разам з мужчынамі ў хату набілася поўна жанок. Чарнышэвіч.
2. Разм. Напрасіцца, навязацца. Набіцца ў сааўтары. □ Алімпа сама набілася камандзіру схадзіць і разведаць, што дзеецца вакол. Сабаленка. Бойкі і спрытны прыгажун, Лясота сам і вельмі хутка набіўся да Руневіча з дружбай. Брыль.
•••
Бітком набіцца — найсці ў вялікай колькасці, шчыльна запоўніць сабою што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)