Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кансульта́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да кансультант.

кансультаты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Дарадчы, з дарадчымі правамі. Кансультатыўны орган. Кансультатыўны савет.

кансультацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кансультацыі, прызначаны для яе. Кансультацыйная нарада. Кансультацыйны пункт.

кансульта́цыя, ‑і, ж.

1. Парада спецыяліста па якому‑н. пытанню. Даць кансультацыю. Атрымаць кансультацыю. □ Міхал працаваў пад удасканаленнем электродатрымальнікаў, і яму .. патрэбны былі Яўгенавы парады і кансультацыя. Карпаў. // Дадатковыя заняткі выкладчыкаў з навучэнцамі, якія праводзяцца з мэтай лепшага засваення матэрыялу. Расклад кансультацый. Кансультацыі па матэматыцы.

2. Установа, якая аказвае дапамогу насельніцтву парадамі спецыялістаў па якіх‑н. пытаннях. Юрыдычная кансультацыя. Дзіцячая кансультацыя. Жаночая кансультацыя.

3. Уст. Нарада спецыялістаў па якому‑н. пытанню.

[Ад лац. consultatio — нарада.]

кансье́рж, ‑а, м.

Швейцар, брамнік.

[Фр. concierge.]

кант 1, ‑а, М канце, м.

1. Востры бераг, край, рабро чаго‑н. — Чалавек на тры крокі стаў бегчы за немцам і аглушыў яго па галаве кантам рыдлёўкі. Чорны. Якаў.. пачаў вылазіць з кабіны і, хоць на гэты раз помніў пра верхні кант, усё ж зноў выцяўся аб яго галавой. Кулакоўскі. // Рабро ў дошцы або брусе, абчасаных так, што ў папярочным сячэнні атрымліваецца прамавугольнік. // Спецыяльна адпрасаваны згіб на штанах. Ігар прапусціць лекцыю, але затое прыбярэцца ў інстытут: надушыцца, выпрасуе кант, на тоўсты вузел завяжа гальштук. Карпюк.

2. Каляровы шнурок, аблямоўка па краях або швах адзежы, часцей форменнай. Пападаліся галіфэ — чорныя, зялёныя і ўсё з чырвонымі або жоўтымі кантамі. Чорны. Праз адкрытыя вокны бачыў ён [Міколка] чорныя мундзіры, чорныя шапкі з чырвонымі кантамі. Лынькоў. // Палоска, кайма, якая аблямоўвае малюнак, фотакартку, табліцу і пад.

3. Край пераплёту вокладкі, які выступае за лінію абрэзу кніжнага блока.

[Ням. Kante.]

кант 2, ‑а, М канце, м.

Уст. Пахвальнае песнапенне ўрачыстага свецкага або царкоўнага зместу.

[Ад лац. cantus — спяванне.]

канта́біле,

1. прысл. Пявуча (для абазначэння характару выканання музычных твораў).

2. нескл., н. Пявучасць, напеўнасць мелодыю, а таксама музычны твор або частка яго, якія выконваюцца пявуча.

[Ад іт. cantabile — пявуча.]

кантава́льнік, ‑а, м.

Спец. Механізм для кантоўкі (паварочвання) загатовак, дэталей вырабаў і саміх вырабаў пры іх апрацоўцы, упакоўцы і пад.

кантава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. Разм. Праводзіць час у бескарысных намаганнях, з цяжкасцю дабіваючыся чаго‑н. — Вельмі доўга я кантаваўся пазаўчора на прахадной завода, часта званіў дырэктару, парторгу, у заўком. Мыслівец.

2. Зал. да кантаваць.

кантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Абчэсваючы (дошку, бервяно, камень і г. д.), рабіць кант ​1 (у 1 знач.). Кантаваць слупок. □ Не ўсе цесляры добра ўмелі кантаваць бярвенне. Пальчэўскі.

2. Пераварочваць (грузы) пры перамяшчэнні або выраб пры апрацоўцы. У сярэдзіне .. [скрыні] быў матор, на баках надпісы: «Асцярожна, не кантаваць!» Карпюк.