кант 1, ‑а, М канце, м.
1. Востры бераг, край, рабро чаго‑н. — Чалавек на тры крокі стаў бегчы за немцам і аглушыў яго па галаве кантам рыдлёўкі. Чорны. Якаў.. пачаў вылазіць з кабіны і, хоць на гэты раз помніў пра верхні кант, усё ж зноў выцяўся аб яго галавой. Кулакоўскі. // Рабро ў дошцы або брусе, абчасаных так, што ў папярочным сячэнні атрымліваецца прамавугольнік. // Спецыяльна адпрасаваны згіб на штанах. Ігар прапусціць лекцыю, але затое прыбярэцца ў інстытут: надушыцца, выпрасуе кант, на тоўсты вузел завяжа гальштук. Карпюк.
2. Каляровы шнурок, аблямоўка па краях або швах адзежы, часцей форменнай. Пападаліся галіфэ — чорныя, зялёныя і ўсё з чырвонымі або жоўтымі кантамі. Чорны. Праз адкрытыя вокны бачыў ён [Міколка] чорныя мундзіры, чорныя шапкі з чырвонымі кантамі. Лынькоў. // Палоска, кайма, якая аблямоўвае малюнак, фотакартку, табліцу і пад.
3. Край пераплёту вокладкі, які выступае за лінію абрэзу кніжнага блока.
[Ням. Kante.]
кант 2, ‑а, М канце, м.
Уст. Пахвальнае песнапенне ўрачыстага свецкага або царкоўнага зместу.
[Ад лац. cantus — спяванне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)