Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

капры́зіць, ‑рыжу, ‑рызіш, ‑рызіць; незак.

Паводзіць сябе капрызна, быць капрызным. Душна і цесна ў калысцы дзедавай Нінцы..; плача дзіця, капрызіць. Колас. Марына ў апошні час стала нешта злавацца, капрызіць. Шахавец.

капры́знасць, ‑і, ж.

Уласцівасць капрызнага.

капры́знік, ‑а, м.

Капрызны чалавек, капрыза.

капры́зніца, ‑ы, ж.

Жан. да капрызнік.

капры́знічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і капрызіць. Заўсёды, калі хто з дзяцей пачынае капрызнічаць ці наогул хандрыць, толькі ён, бацька, можа кожнаму рады даць. Гроднеў.

капры́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Свавольны, наравісты, з капрызамі. Капрызнае дзіця. Капрызны чалавек. // Які выражае капрыз. Капрызны голас. Капрызны твар. □ [Акушэрка] сустракала Сяргея больш стрымана, крывячы ў ледзь прыкметнай усмешцы.. капрызны маленькі рот. Сіўцоў.

2. перан. Поўны нечаканых перамен, выпадковасцей; няўстойлівы. Капрызны лёс. Капрызнае надвор’е. □ Нёман стромкі, капрызны, а па ім — плыты, бясконца плыты... Васілевіч.

капрызу́ля, ‑і, ДМ ‑ю, Т ‑ем, м.; ДМ ‑і, Т ‑яй, ж.

Разм. Капрыза, капрызнік. І аднойчы папрасіў Ласы капрызуля: — Мёд салодкі! Прынясі Хоць на зуб, матуля! Калачынскі.

капрыфо́лій, ‑лію і капрыфо́ль, ‑ю, м.

Павойная кустовая расліна сямейства бружмелевых з пахучымі ружовымі або жоўтымі кветкамі (разводзіцца як дэкаратыўная).

[Ад лац. caprifolium — казліны ліст.]

капры́чыо, нескл., н.

Род музычных твораў вольнай формы, якія вызначаюцца жывасцю, нечаканымі і арыгінальнымі пераходамі. «Італьянскае капрычыо» Чайкоўскага. «Іспанскае капрычыо» Рымскага-Корсакава.

[Іт. capriccio.]

ка́псула, ‑ы, ж.

1. Тонкая абалонка або сумка, якая абвалаквае розныя органы, а таксама і паталагічныя ўтварэнні ў арганізме.

2. Абалонка для вадкіх або парашкападобных лякарстваў, якая прыгатаўляецца з крухмалу, жэлаціну і лёгка раствараецца ў арганізме.

3. Герметычная кабіна, камера. // Спускаемы касмічны апарат.

[Ад лац. capsula — каробачка.]