Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

канібалі́зм, ‑у, м.

Кніжн.

1. Людаедства.

2. перан. Жорсткасць, лютасць, варварства. Канібалізм нораваў.

[Фр. cannibalisme.]

каніба́льскі, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які мае адносіны да канібала (у 1 знач.).

2. перан. Жорсткі, люты, варварскі. Канібальскія норавы. Канібальскія планы.

каніба́льства, ‑а, н.

Тое, што і канібалізм (у 2 знач.).

кані́кулы, ‑аў; адз. няма.

Перапынак у занятках, які даецца навучэнцам для адпачынку. Летнія канікулы. □ Як толькі ў школе закончыліся заняткі і ў вучняў малодшых класаў пачаліся канікулы, .. [Лявонка] на другі ж дзень пагнаў разам з дзедам у лес калгасны статак. Шуцько. Набліжаліся зімовыя канікулы вучняў, і можна было адлучыцца на час са школы. Шахавец.

[Ад лац. caniculae.]

канікуля́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канікулаў. Ганнін прыезд у сталіцу супаў з канікулярным часам. Гартны.

кані́на, ‑ы, ж.

Мяса каня. На чацвёрты дзень блакады Лясніцкі і Прыборны далі загад забіваць коней і карміць людзей канінай. Шамякін.

кані́стра, ‑ы, ж.

Плоскі бак з герметычнай накрыўкай для захоўвання вадкасцей (бензіну, змазачных масел і пад.).

[Ад англ. canister — бляшанка.]

каніфа́с, ‑у, м.

Лёгкая баваўняная тканіна з рэльефным тканым малюнкам, даўней паласатая.

[Ням. Kanevas.]

каніфа́савы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з каніфасу. Каніфасавая сукенка.

каніфо́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Націраць каніфоллю. Каніфоліць смычок.