Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

калдо́ба, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і калдобіна. Некалі тут ездзілі на калёсах, знаць тор — павыбіваныя калдобы. Пташнікаў.

калдо́біна, ‑ы, ж.

Выбоіна, ямка на дарозе. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ў бакі, то гойдала і калыхала, як човен на хвалях. Краўчанка. Адзін з грузавікоў.., заходзячыся сіплым выццём, спрабаваў выбрацца з калдобіны, але калёсы буксавалі. Мележ. // Паглыбленне, упадзіна на мясцовасці або на дне вадаёма. Прыходжу нарэшце з кошыкам па грыбы — зноў свежыя калдобіны чарнеюць. Ігнаценка.

калдо́бісты, ‑ая, ‑ае.

З вялікай колькасцю калдобін. Калдобістая дарога гайдала нас, і Валі рабілася блага. Пташнікаў. Аўтобус, пакалыхваючыся з боку на бок, выплыў з калдобістай вулачкі на шырокую местачковую плошчу. Адамчык.

калдунава́ты, ‑ая, ‑ае.

Са зблытанымі, скудлачанымі валасамі. Калдунаватая галава.

калду́ніцца, ‑ніцца; незак.

Разм. Блытацца, кудлачыцца (пра валасы, шэрсць і пад.).

калду́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

Разм. Блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.).

калдуны́ 1, ‑оў; адз. калдун, ‑а, м.

Клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам. Калі на стале з’явіліся мае любімыя калдуны, я быў у захапленні. А калі тата сказаў, што яны зроблены з аленевага мяса, калдуны здаліся мне яшчэ смачнейшымі. Бяганская.

калдуны́ 2, ‑оў; адз. няма.

Пра зблытаныя, скудлачаныя валасы.

калдыба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Ісці кульгаючы, кандыбаць. — З параненай нагой да партызанаў у Налібоцкую пушчу калдыбаў [чалавек]. Бажко. Ззаду за Андрэем, калдыбаў уроскідку Юрка Даліна. Пташнікаў.

кале́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м., ДМ ‑лезе, Т ‑ай, ж.

Таварыш па прафесіі, па рабоце, па вучобе. Крышачку ўзрушаныя, узаемна прыветлівыя, настаўнікі жартамі сустракалі кожнага свайго калегу. Шамякін. [Аржанец] ведаў дзяўчыну яшчэ ў пушчы, калі яна віталася з ім нясмела, і называла дзядзем. А вось ужо і калега па працы! Брыль.

[Лац. collega.]

калегава́ць, калягую, калягуеш, калягуе; незак.

Уст. Сябраваць, вадзіць кампанію з кім‑н. Людзі прасцейшыя, дык тыя сыходзяць з тратуара і не турбуюць дворнічышынай работы. Але гэта людзі, якія з.. [дворнічыхай] і калегаваць могуць. Чорны. — Хаця ж, сынок, толькі з добрымі калягуй, не звязвайся з благімі. Мурашка.