Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заня́так, ‑тку, м.

1. Тое, чым хто‑н. займаецца; праца, справа. Род заняткаў. Знайсці сабе занятак. □ Напячы ў прыску бульбы! Хто адмовіцца ад такога прыемнага занятку? Гамолка. У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Лынькоў.

2. толькі мн. (заня́ткі, ‑аў). Разм. Вучэбныя практыкаванні, урокі. Семінарскія заняткі. Заняткі ў сетцы партыйнай асветы. □ Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма. Колас.

заня́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан занятага. Нягледзячы на вечную сваю занятасць, знаходзіла маці час, каб агледзець яе, Любчыну, сукенку, прышыць адарваны гузік. Лынькоў.

заня́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад заняць.

2. у знач. прым. Які займаецца чым‑н. у даны момант; несвабодны. Дні са тры Макар быў вельмі заняты на рабоце, і мне прыйшлося хадзіць на раку аднаму. Ляўданскі. Мама і тата вельмі занятыя, з работы позна прыходзяць. Юрэвіч.

3. у знач. прым. У якім знаходзіцца хто‑, што‑н., на якім размясціўся хто‑н.; несвабодны. Умацавацца на занятых пазіцыях. □ Школьны зал заняты — ёлку рыхтуюць. Якімовіч. Амаль палавіна рачной плыні.. была занята плытамі. Лынькоў. // Напоўнены, непарожні. Заняты кошык.

заня́цца 1, займуся, зоймешся, зоймецца; заг. займіся; зак.

1. чым. Узяцца за якую‑н. справу, прыступіць да якога‑н. занятку. Заняцца спортам. □ Бумажкоў заняўся арганізацыяй вялікай сталоўкі і шпіталя. Чорны.

2. кім-чым і з кім-чым. Накіраваць сваю ўвагу на каго‑, што‑н., праявіць цікавасць да каго‑, чаго‑н. Заняцца хворым. □ Дзед Талаш, так удала вырваўшыся са свайго палону, заняўся Саўкам Мільгуном: што з ім рабіць? Колас. У аддзяленні Віцем заняўся пажылы светлавусы капітан. Якімовіч. Адукацыяй маладога Казіміра, якому было ў часе паўстання пятнаццаць год, заняўся нейкі дзядзька па матчынай лініі, засцянковы шляхціц, прызначаны судом за апекуна. Пестрак.

3. з кім-чым. Разм. Узяць на сябе кіраўніцтва кім‑, чым‑н., дапамагчы каму‑, чаму‑н. (у вучобе, занятках і пад.). Заняцца з адстаючымі вучнямі.

заня́цца 2, зоймецца; зак.

1. Загарэцца, успыхнуць. Было ўжо суха і горача. Ад гэтай хаты занялася другая, трэцяя — і пажар выкаціў амаль увесь гарадок. Лобан. Бацька прыбег на пажар, калі ўжо занялося і наша гумно. Хведаровіч.

2. Наступіць, пачацца (пра раніцу, зару і пад.). Заняўся ранак. Людзі ў поле Ідуць на працу грамадой. Прыходзька. Недзе далёка-далёка, там, дзе канчалася балота, заняўся золак, а я ўсё ляжаў і думаў. Бажко. / на што, безас. Каржакаваты хвойнік прытуліў .. людзей у сабе тады, калі неўзабаве павінна было заняцца на дзень. Чорны. // перан. Зарадзіцца, узнікнуць. У Марыны Паўлаўны занялася кволая невыразная надзея. Зарэцкі.

3. чым. Разм. Узяцца коркай, пакрыцца чым‑н. Антось тут сам пачаў тлумачыць: — Была паводка гэта, значыць, Вада па лузе разлілася, А потым лёдам занялася. Колас.

заня́цце, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. занімаць — заняць (у 1, 2, 3, 5 і 8 знач.).

заня́ць, займу, зоймеш, зойме; заг. займі; зак., каго-што.

1. Запоўніць сабою (якую‑н. прастору, паверхню). Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. Вясельны поезд заняў повен двор. Гарэцкі. // Размясціцца, распалажыцца на якім‑н. месцы. Гарманіст заняў месца на лаўцы. Васілевіч. Рыгор з Сёмкам прыкмецілі пры адным стале два.. крэслы, падышлі і занялі іх. Гартны. // Узяць у сваё карыстанне. Кожны падарожнік, калі ён жадаў, мог заняць на ноч адзін.. домік. Шамякін. Аканом Павел Грынявіцкі злітаваўся над цягавітым парабкам і дазволіў яму заняць частку хаты ў лапаціцкім фальварку. С. Александровіч. // пад што. Скарыстаць для якіх‑н. мэт. Заняць дом пад шпіталь. // Пашырыцца на што‑н.; ахапіць сабой што‑н. Праз некаторы час ранішняя зара заняла ўвесь усход. Чарнышэвіч.

2. Атрымаць якую‑н. пасаду, замяніць каго‑н. па рабоце. Я цешыў сябе надзеяй, што змагу заняць месца малодшага навуковага супрацоўніка. Дамашэвіч. // Апынуцца па выніках на якім‑н. месцы. Заняць прызавое месца ў спаборніцтвах. □ Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца. Шамякін. // Замацаваць за сабой (месца ў чарзе). Кіра заняла чаргу ў касу, каб узяць усім талоны. Карпаў.

3. Авалодаць якой‑н. тэрыторыяй, населеным пунктам і пад. Полк штурмам заняў варожы гарнізон. □ Атрад быў разбіты на групы, якія занялі пераправы на рэках. Чорны.

4. Запоўніць (які‑н. прамежак часу); працягнуцца. Шмат часу заняла прыборка і ўстаноўка вучэбных машын. Брыль. // Правесці пэўны час за якім‑н. заняткам. Хацелася б сустрэць каго-небудзь знаёмага — пагутарыць, заняць час. Пестрак.

5. Даць работу, занятак. Заняць у спектаклі маладых акцёраў. Заняць на ўроку ўсіх вучняў. □ Каб чым-небудзь заняць сваю ўвагу, [Андрэй] пачаў пазіраць за гасцямі. Шахавец.

6. Зацікавіць, цалкам захапіць. Работа Арцыховіча заняла, і ён не заўважыў, калі падышла і спынілася па той бок плоціка дзяўчына. Алешка. // Забавіць, не даць нудзіцца. Заняць гасцей.

7. Захапіць, збіраючы ў адно месца і гонячы куды‑н. (пра жывёлу). На світанку, як толькі даяркі падаілі кароў, пастухі занялі ўвесь статак і пагналі ў дарогу. Сабаленка.

8. Распачаць. Касцы прайшліся па два пракосы, занялі па трэцім. Дайліда. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч.

9. безас. Разм. Адняцца (пра мову). — Ды гавары ты ўжо! Ці табе заняло! Дуброўскі.

•••

Дух (дыханне) заняло (захапіла) каму ці ў каго — спынілася дыханне (ад моцнага хвалявання, хуткага бегу і пад.). Халодная, яшчэ зімовая вада адразу заняла дыханне. Грамовіч.

Заняць абарону — падрыхтавацца адбіваць атаку, напад ворага, размясціўшы адпаведным чынам войска, агнявыя сродкі. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў. «Звязда».

Мову заняло каму — страціў здольнасць гаварыць. Чалавек увесь спалатнеў, яму заняло мову. Вітка.