заняць, займу, зоймеш, зойме; заг. займі; зак., каго-што.
1. Запоўніць сабою (якую‑н. прастору, паверхню). Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. Вясельны поезд заняў повен двор. Гарэцкі. // Размясціцца, распалажыцца на якім‑н. месцы. Гарманіст заняў месца на лаўцы. Васілевіч. Рыгор з Сёмкам прыкмецілі пры адным стале два.. крэслы, падышлі і занялі іх. Гартны. // Узяць у сваё карыстанне. Кожны падарожнік, калі ён жадаў, мог заняць на ноч адзін.. домік. Шамякін. Аканом Павел Грынявіцкі злітаваўся над цягавітым парабкам і дазволіў яму заняць частку хаты ў лапаціцкім фальварку. С. Александровіч. // пад што. Скарыстаць для якіх‑н. мэт. Заняць дом пад шпіталь. // Пашырыцца на што‑н.; ахапіць сабой што‑н. Праз некаторы час ранішняя зара заняла ўвесь усход. Чарнышэвіч.
2. Атрымаць якую‑н. пасаду, замяніць каго‑н. па рабоце. Я цешыў сябе надзеяй, што змагу заняць месца малодшага навуковага супрацоўніка. Дамашэвіч. // Апынуцца па выніках на якім‑н. месцы. Заняць прызавое месца ў спаборніцтвах. ▪ Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца. Шамякін. // Замацаваць за сабой (месца ў чарзе). Кіра заняла чаргу ў касу, каб узяць усім талоны. Карпаў.
3. Авалодаць якой‑н. тэрыторыяй, населеным пунктам і пад. Полк штурмам заняў варожы гарнізон. ▪ Атрад быў разбіты на групы, якія занялі пераправы на рэках. Чорны.
4. Запоўніць (які‑н. прамежак часу); працягнуцца. Шмат часу заняла прыборка і ўстаноўка вучэбных машын. Брыль. // Правесці пэўны час за якім‑н. заняткам. Хацелася б сустрэць каго-небудзь знаёмага — пагутарыць, заняць час. Пестрак.
5. Даць работу, занятак. Заняць у спектаклі маладых акцёраў. Заняць на ўроку ўсіх вучняў. ▪ Каб чым-небудзь заняць сваю ўвагу, [Андрэй] пачаў пазіраць за гасцямі. Шахавец.
6. Зацікавіць, цалкам захапіць. Работа Арцыховіча заняла, і ён не заўважыў, калі падышла і спынілася па той бок плоціка дзяўчына. Алешка. // Забавіць, не даць нудзіцца. Заняць гасцей.
7. Захапіць, збіраючы ў адно месца і гонячы куды‑н. (пра жывёлу). На світанку, як толькі даяркі падаілі кароў, пастухі занялі ўвесь статак і пагналі ў дарогу. Сабаленка.
8. Распачаць. Касцы прайшліся па два пракосы, занялі па трэцім. Дайліда. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч.
9. безас. Разм. Адняцца (пра мову). — Ды гавары ты ўжо! Ці табе заняло! Дуброўскі.
•••
Дух (дыханне) заняло (захапіла) каму ці ў каго — спынілася дыханне (ад моцнага хвалявання, хуткага бегу і пад.). Халодная, яшчэ зімовая вада адразу заняла дыханне. Грамовіч.
Заняць абарону — падрыхтавацца адбіваць атаку, напад ворага, размясціўшы адпаведным чынам войска, агнявыя сродкі. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў. «Звязда».
Мову заняло каму — страціў здольнасць гаварыць. Чалавек увесь спалатнеў, яму заняло мову. Вітка.