Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

капітуля́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Пагард. Той, хто капітулюе (у 2 знач.), па-здрадніцку адмаўляецца ад цвёрдай лініі ў чым‑н. Капітулянт-перараджэнец.

капітуля́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы капітулянту; разлічаны на капітуляцыю. Капітулянцкая палітыка. Капітулянцкія прапановы.

капітуля́нцтва, ‑а, н.

Паводзіны капітулянта.

капітуля́цыя, ‑і, ж.

1. Спыненне ваенных дзеянняў і здача пераможцу на прадыктаваных ім умовах. Безагаворачная капітуляцыя. Капітуляцыя фашысцкай Германіі.

2. перан. Адступленне ад сваіх пазіцый, прызнанне свайго бяссілля ў чым‑н.

3. У міжнародным праве — дагавор з пераможаным праціўнікам аб умовах спынення ваенных дзеянняў. Падпісаць капітуляцыю.

[Лац. capitulatio.]

капітэ́ль, ‑і, ж.

Верхняя частка архітэктурнай калоны або пілястры, якая служыць непасрэдным пераходам да перакрыцця.

[Ад лац. capitellum — галоўка.]

капітэ́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да капітэлі. Капітэльная дошка.

капі́ца, ‑ы, ж.

Невялікая капа сена, саломы. [Васіль] падкінуў пару капіц сена з дальняга ўрочышча. Даніленка.

ка́пішча, ‑а, н.

Культавае збудаванне ўсходніх і прыбалтыйскіх славян язычніцкага перыяду.

ка́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Разм. Капля, кропля. Чутно ўжо, як пачынаюць за акном падаць капкі са страхі на зямлю. Галавач. На сурдуце былі сякія-такія плямы, паходжанне якіх можна было б вытлумачыць неасцярожна ўпаўшымі капкамі верашчакі. Колас.

капка́н, ‑а, м.

Паляўнічая звералоўная пастка, якая складаецца з дзвюх жалезных дуг і спружыны. Паставіць капкан на звера. Трапіць у капкан. □ [Антон] узяў учора на капкан [лісу]. Карпюк.

[Цюрк.]