Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

пла́тны, -ая, -ае.

1. Які даецца за плату, падлягае аплаце.

П. праезд.

Платная паліклініка.

2. Які атрымлівае грашовую плату за сваю работу; звязаны з атрыманнем грашовай узнагароды, платы.

П. работнік.

Платная пасада.

3. Які карыстаецца чым-н. за плату (разм.).

П. наведвальнік.

|| наз. пла́тнасць, -і, ж. (да 1 знач.).

плато́, нескл., н.

Раўніна, размешчаная адносна высока над узроўнем мора і аддзеленая ад суседняй мясцовасці крутымі схіламі.

платфо́рма, -ы, мн. -ы, -фо́рм, ж.

1. Памост, пляцоўка, у прыватнасці, на чыгуначных станцыях для пасадкі, пагрузкі.

Поезд адыходзіць ад трэцяй платформы.

2. Невялікая чыгуначная станцыя.

3. Таварны вагон з невысокімі бартамі без даху.

4. Палітычная праграма партыі, апазіцыі (кніжн.).

Выбарчая п. партыі.

|| прым. платфо́рменны, -ая, -ае (да 1 знач.).

плаў, пла́ва, м.

У выразе: на пла́ве (спец.) — пра судны, плавальныя сродкі: на вадзе, у плаваючым стане.

Трымацца на плаве.

плаў...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.:

1) плывучы, напр.: плаўбаза, плаўзавод, плаўкран;

2) які мае адносіны да плавання, напр.: плаўсастаў (маракі ці рачнікі, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у плаванні).

пла́ўка, -і, ДМ -ўцы, мн. -і, пла́вак, ж.

1. гл. плавіць.

2. Выплаўлены за адзін вытворчы цыкл метал (спец.).

Домна выдала першую плаўку.

пла́ўкі¹, -ая, -ае.

Здольны лёгка плавіцца.

Плаўкія металы.

|| наз. пла́ўкасць, -і, ж.

пла́ўкі², пла́вак.

Кароткія мужчынскія трусы для плавання, якія шчыльна аблягаюць цела.

плаўко́вы гл. плавок.

плаўле́нне гл. плавіць.