Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

дзеўчаня́ і дзеўчанё, -ня́ці, мн.я́ты, -ня́т, н.

Маленькая дзяўчына.

дзе́ці, дзяце́й, дзе́цям, дзе́цьмі і дзяцьмі́, (аб) дзе́цях.

1. мн. да дзіця.

2. Маладое пакаленне, бліжэйшыя патомкі.

Бацькі і дзеці.

Гушча дзяцей не разганяе (прыказка).

|| памянш.-ласк. дзе́ткі, -так і дзе́тачкі, -чак.

|| прым. дзіця́чы, -ая, -ае.

Д. тэатр.

Д. дом.

дзе́цца, дзе́нуся, дзе́нешся, дзе́нецца; дзе́нься; зак. (разм.).

1. Знікнуць, прапасці.

Куды ён дзеўся? Нікуды ён не дзенецца.

2. Знайсці сабе месца, прытулак.

У незнаёмым горадзе не ведаеш, куды д. нанач.

|| незак. дзява́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Куды ж мне д.? Кудысьці кнігі з паліцы дзяваюцца.

дзець, дзе́ну, дзе́неш, дзе́не; дзень; зак. (разм.).

1. Палажыць куды-н. так, што цяжка знайсці.

Куды ты дзеў ключ? Дзе ж я дзену гэтую кнігу?

2. Знайсці для каго-н. месца, прытулак.

Кацянят трэба некуды д.

(Не ведаць) куды вочы дзець (разм.) — пра адчуванне сораму.

(Не ведаць) куды рукі дзець (разм.) — пра адчуванне няёмкасці, разгубленасці.

|| незак. дзява́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

дзе́ючы, -ая, -ае.

Які дзейнічае, функцыянуе.

Дзеючыя асобы ў п’есе.

Д. вулкан.

дзе́я, -і, мн. -і, дзей, ж.

1. Дзейнасць, справа.

Там добрая д., дзе адзін арэ, а другі сее (з нар.).

2. Падзея, пра якую ідзе гаворка.

Д. адбываецца ў часы вайны.

3. Закончаная частка драматычнага твора або тэатральнай пастаноўкі.

Камедыя ў трох дзеях.

дзеяздо́льны, -ая, -ае.

1. Здольны да дзейнасці.

Д. арганізм.

2. Які мае права на ўчыненне дзеянняў юрыдычнага характару і які нясе адказнасць за свае ўчынкі (спец.).

Д. грамадзянін.

|| наз. дзеяздо́льнасць, -і, ж.

дзе́янне, -я, мн. -і, -яў, н.

1. Дзейнасць.

План дзеяння.

Баявыя дзеянні.

2. звычайна мн. Учынкі, паводзіны.

Супрацьзаконныя дзеянні.

Самавольныя дзеянні.

3. Работа, функцыянаванне.

Машына ў дзеянні.

4. Падзеі, пра якія ідзе гаворка.

Д. адбываецца ў 15 стагоддзі.

5. Асноўны від матэматычнага вылічэння.

Чатыры дзеянні арыфметыкі.

дзеясло́ў, -ло́ва, мн.о́вы, -ло́ваў, м.

У граматыцы: часціна мовы, што абазначае дзеянне або стан прадмета і змяняецца па часах, асобах і ліках.

Аднакратны д.

Дапаможны д.

Неазначальная форма дзеяслова.

Безасабовыя дзеясловы.

Рознаспрагальны д.

|| прым. дзеясло́ўны, -ая, -ае.

дзе́яцца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., дзе́ецца; незак. (разм.).

Рабіцца, адбывацца.

Сённяшні дзень — гэта водгулле ўсяго, што дзеецца ў свеце.