шу́ба, -ы, мн. -ы, шуб, ж.
1. Зімовае верхняе адзенне з футра.
Лісіная ш.
2. Поўсцевае покрыва некаторых жывёл.
Ш. вавёркі.
|| прым. шу́бны, -ая, -ае.
шуга́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць яркім полымем, палаць; вырывацца адкуль-н. (пра полымя і пад.); палымнець.
Шугаў пажар.
Шугае агонь. 3 акон шугала полымя.
Над лесам шугае зарыва.
2. перан. Праяўляцца, праходзіць бурна, імкліва.
На дварэ шугала вясна.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыліваць да твару (пра кроў).
Кроў шугае ў твар.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Парывіста дзьмуць, урывацца куды-н. (пра дым, пару і пад.).
Цяпло шугае ў твар.
5. каго-што. Падкідаць на руках, гайдаць, гушкаць.
Ш. імянінніка.
6. Рэзка падымацца ўгору, узлятаць.
Птушкі шугаюць угару.
Велічныя сосны шугаюць у неба (перан.: высяцца).
7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Добра расці, буяць.
Шугае расліннасць.
|| аднакр. шугану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.
|| наз. шуга́нне, -я, н.
шука́емы, -ая, -ае.
У матэматыцы: які неабходна вызначыць, устанавіць.
Шукаемая велічыня.
Знайсці шукаемае (наз.).
шука́льнік, -а, мн. -і, -аў, м.
1. Чалавек, заняты пошукам, здабываннем чаго-н.
Ш. жэньшэню.
Шукальнікі алмазаў.
Ш. прыгод.
2. Прыстасаванне ў розных прыборах, якое аблягчае знаходжанне якога-н. прадмета, аб’екта (спец.).
Ш. у фотаапараце.
|| ж. шука́льніца, -ы, мн. -ы, -ніц (да 1 знач.).
|| прым. шука́льніцкі, -ая, -ае (да 1 знач.).
шука́льны, -ая, -ае.
1. Які выказвае пошук каго-, чаго-н.
Шукальныя рухі.
2. Які імкнецца здабыць чыю-н. прыхільнасць, спагаду.
Ш. погляд.
шука́нне, -я, н.
1. гл. шукаць.
2. мн. -і, -яў. Імкненне да чаго-н. новага, старанні знайсці новыя шляхі (у навуцы, мастацтве).
Творчыя шуканні.
шука́ны, -ая, -ае.
Якога шукаюць, які неабходна адшукаць.
Знайсці шуканую кнігу.
шука́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.
1. каго-што. Старацца знайсці або выявіць.
Ш. у поцемках клямку.
Ш. неабходную кнігу.
Ш. праўду.
Ш. вачамі каго-н. (старацца ўбачыць).
2. каго-што і чаго. Старацца атрымаць.
Ш. заступніцтва.
Ш. работу або работы.
Ш. дапамогі.
3. без дап. Імкнуцца да новага (у навуцы, мастацтве).
|| наз. шука́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.).
шу́ла, -а і шуло́, -а́, мн. шу́лы, шул і шу́лаў, н.
1. Бервяно ці тоўсты брус з высечанымі пазамі, замацаваны ў чым-н. вертыкальна.
Хата на шулах, без вуглоў.
2. Слуп ці брус, на які падвешваецца створка варот.
Навесіць вароты на шулы.
шу́лер, -а, мн. -ы, -аў, м.
Чалавек, які ў картачнай гульні выкарыстоўвае махлярскія прыёмы, а таксама ўвогуле махляр.
Картачны ш.
|| прым. шу́лерскі, -ая, -ае.
Ш. прыём (перан.: махлярскі, несумленны).