знаць¹, зна́ю, зна́еш, зна́е; незак.
1. Тое, што і ведаць (у 1—5 знач.).
2. інф., у знач. вык. Відаць, можна заўважыць (уст.).
З. па слядах, што тут прайшоў воўк.
знаць², -і, ж.
Вышэйшы слой прывілеяванага класа ў феадальным грамадстве.
значкі́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.
Чалавек, які мае значок як сведчанне пра кваліфікацыю, выкананне якіх-н. нарматываў.
|| ж. значкі́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.
|| прым. значкі́сцкі, -ая, -ае.
зна́чны, -ая, -ае.
1. Вялікі памерам, колькасцю, сілай.
Значныя страты.
У значнай ступені.
Значна (прысл.) больш.
2. Які мае вялікае значэнне, важны.
Значныя падзеі.
З. чалавек.
|| наз. зна́чнасць, -і, ж.
значо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.
1. Пласцінка, кружок і пад. з якім-н. адбіткам, які носіцца на грудзях як упрыгожанне, памятны знак ці знак прыналежнасці да якой-н. арганізацыі.
Памятны з.
Універсітэцкі з.
2. Умоўная паметка на чым-н.
Паставіць значкі на палях кнігі.
зна́чыцца, -чуся, -чышся, -чыцца; незак., кім-чым, як хто-што або ў якасці каго-чаго (афіц.).
Быць запісаным дзе-н., лічыцца, называцца.
З. ў спісе.
Ён у нас значыцца ў якасці кансультанта (або як кансультант).
зна́чыць¹, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; незак., каго-што.
1. Памячаць, ставячы знак, метку і пад.
З. старонкі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вызначаць, указваць сабой шлях, дарогу і пад.
|| зак. пазна́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны.
зна́чыць², -чу, -чыш, -чыць; незак., што.
Мець які-н. сэнс, важнасць, каштоўнасць, выражаць што-н.
Яго абяцанні мала значаць.
Нічога не значыць.
Адчуваю сябе цудоўна — вось што значыць добра адпачыць.
значэ́нне, -я, мн. -і, -яў, н.
1. Сэнс, тое, што дадзены прадмет (слова, знак, жэст) абазначае.
Прамое і пераноснае з. слова.
2. Важнасць, значнасць, роля.
Гістарычнае з.
Гэтай сустрэчы надаецца вялікае з.