Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

лавела́с, -а, мн. -ы, -аў, м.

Спакуснік жанчын; залётнік.

лаве́ц, лаўца́, мн. лаўцы́, лаўцо́ў, м.

Той, хто займаецца лоўляй рыбы, звера як промыслам.

На лаўца і звер бяжыць (прыказка).

|| прым. лаве́цкі, -ая, -ае.

Л. промысел.

лаві́на, -ы, мн. -ы, -ві́н, ж.

1. Абвал вялікай масы снегу, лёду з гор.

Снежная л.

2. перан. Імклівая, нястрымная маса каго-, чаго-н.; суцэльны паток.

Л. войск.

|| прым. лаві́нны, -ая, -ае.

лаві́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; незак.

1. Пра паруснае судна: рухацца супраць ветру, мяняючы напрамак курсу.

2. перан. Рухацца не прама, абмінаючы перашкоды.

Л. паміж машынамі.

3. перан. Умела выходзіць з цяжкага становішча, ухіляцца ад чаго-н.

Л. у палітыцы.

|| зак. злаві́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй (да 2 знач.).

|| наз. лаві́раванне, -я, н.

лаві́ць, лаўлю́, ло́віш, ло́віць; ло́ўлены; незак.

1. Хапаць, імкнуцца схапіць каго-, што-н. на ляту.

Л. мяч.

2. Імкнуцца дагнаць, схапіць таго, хто (тое, што) аддаляецца, ухіляецца.

Л. хлопцаў.

3. Намацваючы, адшукваючы, браць, затрымліваць.

Л. у цемры матчыну руку.

4. Здабываць (рыбу, звяроў, птушак) з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў.

Л. вудай.

5. Вышукваць, высочваць каго-, што-н., каб спыніць, затрымаць; старацца заспець.

Л. дырэктара.

Л. таксі.

6. Высочваць, каб арыштаваць, абясшкодзіць.

Л. шпіёна.

7. Не прапускаць магчымасці для ажыццяўлення чаго-н., выбраць зручны момант.

Л. кожную хвіліну.

8. перан. Успрымаць слыхам, зрокам, розумам; убіраць у сябе, паглынаць, затрымліваць.

Л. кожнае слова.

Л. погляд.

9. перан. Настройваць радыёпрыёмнік на пэўныя хвалі, прымаць радыёсігналы (разм.).

10. перан., каго (што) на чым. Раптоўна спыняць увагу на чым-н. сказаным, зробленым, выкрываць, абвінавачваць.

Л. на хлусні.

Лавіць на слове — прымусіць каго-н. зрабіць або паабяцаць зрабіць што-н. з таго, аб чым было сказана.

|| зак. злаві́ць, злаўлю́, зло́віш, зло́віць; зло́ўлены.

|| наз. ло́ўля, -і, ж. (да 4, 6 знач.).