Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

лаг, ла́га, мн. ла́гі, ла́гаў, м. (спец.).

Прыбор для вымярэння хуткасці руху судна і пройдзенай ім адлегласці.

|| прым. ла́гавы, -ая, -ае.

ла́га, -і, ДМ ла́зе, мн. -і, лаг і -аў, ж.

1. Драўляны брус, на які насцілаецца падлога.

2. Часовая апора пад што-н. у форме нятоўстага бервяна, жэрдкі.

Перакочваць бярвенне па лагах.

лагавы́ гл. лог.

лагадне́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.

Станавіцца лагодным, лагаднейшым.

Стары часам лагаднеў і пачынаў казку.

|| зак. палагадне́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е.

лагапа́т, -а, М -па́це, мн. -ы, -аў, м.

Чалавек з заганамі ў вымаўленні.

лагапа́тыя, -і, ж. (спец.).

Заганы ў вымаўленні (заіканне, картавасць, шапялявасць і інш.).

|| прым. лагапаты́чны, -ая, -ае.

лагапе́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

Спецыяліст па лагапедыі.

лагапе́дыя, -і, ж.

Раздзел дэфекталогіі, навука аб недахопах вымаўлення і іх выпраўленні.

|| прым. лагапеды́чны, -ая, -ае.

лагары́фм, -а, мн. -ы, -аў, м.

У матэматыцы: паказчык ступені, у якую трэба ўзвесці лік-аснову, каб атрымаць дадзены лік.

Табліца лагарыфмаў.

|| прым. лагарыфмі́чны, -ая, -ае.

Лагарыфмічная лінейка (лічыльны інструмент).

лагарыфмава́ць, -му́ю, -му́еш, -му́е; -му́й; -мава́ны; зак. і незак. (спец.).

Знайсці (знаходзіць) лагарыфм дадзенага ліку.

|| наз. лагарыфмава́нне, -я, н.