Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

лад¹, -у, М -дзе і ў ладу́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Дзяржаўная ці грамадская сістэма.

Дзяржаўны л.

Грамадскі л.

2. Уклад жыцця, спосаб жыцця.

Будуем новы л. жыцця.

3. Згода, парадак, зладжанасць (разм.).

Няма ладу ў хаце.

4. Спосаб, манера, узор.

На новы л.

5. Сістэма будовы чаго-н., утвораная ўнутранай сувяззю, залежнасцю суадносных частак.

Граматычны л. мовы.

Давесці (прывесці) да ладу — прывесці што-н. у парадак; закончыць паспяхова якую-н. справу.

Дайсці (да) ладу — разабрацца, дабіцца толку.

На добры лад — так, як патрэбна; па-сапраўднаму.

На свой лад — па-свойму.

На ўсе лады — усебакова (абмяркоўваць, разбіраць і пад.).

Не ў лад — нязладжана, нястройна.

Не ў ладу; не ў ладах з кім-чым — быць не ў згодзе, у дрэнных адносінах.

У лад — зладжана, стройна.

(Усе) на адзін лад — (усе) аднолькавыя.

лад², -а і -у, М -дзе і ў ладу́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. -у. Спосаб пабудовы гукарада, арганізацыя музычных гукаў.

2. -а. Папярочнае дзяленне на грыфе струнных музычных інструментаў.

3. мн. Клавішы гармоніка, духавых інструментаў.

Перабіраць лады.

|| прым. ла́давы, -ая, -ае.

лад³, -у, М -дзе, м.

У граматыцы: сістэма форм дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння да рэчаіснасці.

Абвесны л.

Загадны л.

Умоўны л.

ла́дам, прысл.

1. Парадкам, як трэба.

Жыццё ідзе л.

2. У згодзе, мірна, спакойна.

Пагутарыць л.

ла́дан, -у, м.

Араматычная смала, якая выкарыстоўваецца для абкурвання ў час богаслужэння.

На ладан дыхаць (разм.) — быць пры смерці.

|| прым. ла́данны, -ая, -ае.

ла́данка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

1. Маленькі мяшочак з ладанам або амулетам, талісманам, які носяць на грудзях з мэтай засцерагчы сябе ад няшчасця.

2. Невялікая пасудзіна, у якой спальваюць ладан.

ла́дачкі, -аў, толькі мн. (дзіц.).

1. гл. ладкі.

2. Назва дзіцячай гульні, пры якой, звяртаючыся да дзіцяці са словамі: «Ладачкі, ладачкі» і г.д., пляскаюць яго далонькі адна аб адну.

ладдзя́¹, -і́, мн. -і́, ж. (уст.).

Вялікая парусная ці веславая лодка.

ладдзя́², -і́, мн. -і́, -е́й, ж.

Шахматная фігура ў форме вежы, якая ходзіць удоўж і поперак дошкі па прамой; тура́.

|| прым. ладзе́йны, -ая, -ае.

Ладзейнае заканчэнне партыі.

ла́дзіцца, -джуся, -дзішся, -дзіцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ісці на лад, добра атрымлівацца.

У фірме справа л.

2. Наважвацца, рыхтавацца што-н. рабіць (разм.).

Л. спаць.