Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

клі́мат, -у, М -маце, м.

1. Метэаралагічныя ўмовы, уласцівыя пэўнай мясцовасці ў залежнасці ад геаграфічных абставін.

Кантынентальны к.

2. перан. Становішча, умовы існавання чаго-н.

Міжнародны палітычны к.

Здаровы к. у сям’і.

|| прым. кліматы́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

клін, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Завостраны ўнізе і расшыраны ўверсе кусок дрэва або металу, якім расколваюць або заціскаюць што-н.

Дубовы к.

Забіць к. у палена.

2. Вузкая трохвугольная ўстаўка ў сукенцы і іншым адзенні.

Уставіць к. у сарочку.

3. перан. Частка войск, якая, расколваючы фронт праціўніка, паглыбляецца ў яго размяшчэнне вузкім трохвугольнікам.

4. чаго або які. Пра ўсё, што мае трохвугольную, завостраную з аднаго боку форму.

Жураўліны к.

5. Частка зямельных угоддзяў, якая вылучаецца па якой-н. прымеце (па відзе пасеваў, мясцовасці і пад.; спец.).

Яравы к.

Азімы к.

К. сенакосу.

Забіць (загнаць) клін — раз’яднаць, зрабіць варожым.

Куды ні кінь — усюды клін — за што ні вазьміся, чаго-н. не хапае, усё не ладзіцца.

Свет клінам (не) сышоўся на кім-чым (разм.) — хто-н. або што-н. не з’яўляецца адзіным, ёсць і іншыя.

|| памянш. кліно́к, -нка́, мн. -нкі́, -нко́ў, м. (да 1, 2, 4 і 5 знач.).

|| прым. клінавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).

Клінавое злучэнне.

клінава́ты, -ая, -ае.

Тое, што і клінападобны.

клінава́ць, -ну́ю, -ну́еш, -ну́е; -ну́й; -нава́ны; незак., што (разм.).

Забіваць клін; закліноўваць.

клінападо́бны, -ая, -ае.

Які мае форму кліна.

Клінападобная барада.

клі́напіс, -у, м.

Спосаб пісьма старажытных народаў Пярэдняй Азіі, клінападобныя знакі якога наносілі на гліну або камень.

Вавілонскі к.

|| прым. клінапі́сны, -ая, -ае.

К. надпіс.

клі́ніка, -і, ДМ -ніцы, мн. -і, -нік, ж.

Стацыянарная лячэбная ўстанова, у якой лячэнне хворых спалучаецца з навукова-даследчай і вучэбнай работай.

|| прым. кліні́чны, -ая, -ае.

клініцы́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Урач, які працуе ў клініцы.

|| ж. клініцы́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

кліні́чны, -ая, -ае.

1. гл. клініка.

2. Які мае адносіны да лячэбнага ўздзеяння, які патрабуе або паддаецца лячэнню (спец.).

К. выпадак.

клі́нкер, -у, м. (спец.).

Вельмі моцны вогнетрывалы і воданепранікальны штучны камень, а таксама абпаленая да спякання цэментная сыравіна.

|| прым. клі́нкерны, -ая, -ае.