Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

гіга́нцкі, -ая, -ае.

1. Вельмі вялікі па памерах.

Гіганцкая ліпа.

Ісці гіганцкімі крокамі (таксама перан.: робячы вялікія поспехі).

2. Выключны па сіле, важнасці.

Г. размах будоўлі.

Гіганцкія поспехі ў асваенні космасу.

гігіе́на, -ы, ж.

1. Раздзел медыцыны, які вывучае ўмовы захавання здароўя.

2. Сістэма мер, накіраваная на падтрыманне здароўя, папярэджанне захворванняў.

Г. працы.

Г. харчавання.

Асабістая г.

Г. лесу.

Г. водных басейнаў.

|| прым. гігіені́чны, -ая, -ае.

гігіені́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Спецыяліст у галіне гігіены.

гігіені́чны, -ая, -ае.

1. гл. гігіена.

2. Які адпавядае нормам гігіены.

Гігіенічнае адзенне.

|| наз. гігіені́чнасць, -і, ж.

гігра...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач. вільгаць, вільготны, напр.: гігравата, гіграметрычны.

гіграскапі́чны, -ая, -ае.

Здольны лёгка паглынаць вільгаць з навакольнага асяроддзя.

Гіграскапічная вата.

|| наз. гіграскапі́чнасць, -і, ж.

гід, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. Чалавек, які суправаджае турыстаў і знаёміць іх са славутасцямі горада, краю і пад.

2. Даведнік для турыстаў.

|| прым. гі́даўскі, -ая, -ае.

гі́дра, -ы, мн. -ы, -аў, ж.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі: шматгаловая змяя, у якой замест адсечаных галоў вырасталі новыя.

2. Дробная бесхрыбетная кішэчнаполасцевая жывёліна, прэснаводны паліп са шчупальцамі вакол рота.

гідра...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач. вада, водны, вадзяны, напр.: гідраагрэгат, гідраавіяцыя, гідрабіялогія, гідрадынаміка.

гідраву́зел, -зла́, мн. -злы́, -зло́ў, м.

Комплекс гідратэхнічных збудаванняў, размешчаных паблізу адзін аднаго і аб’яднаных агульнай мэтай і ўмовамі работы.

Энергетычны г.

|| прым. гідравузлавы́, -а́я, -о́е.