Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

плю́шчыць², -чу, -чыш, -чыць; незак., што.

Удараючы або сціскаючы, рабіць плоскім, пляскатым.

П. цвік.

|| зак. сплю́шчыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны.

|| наз. плюшчэ́нне, -я, н. (спец.).

|| прым. плюшчы́льны, -ая, -ае (спец.).

П. станок.

плява́, -ы́, ж.

Тонкая скурка, перапонка ў жывёльным або раслінным арганізме.

плява́льніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.

Пасудзіна для сплёўвання.

плява́цца, плюю́ся, плюе́шся, плюе́цца; плюёмся, плюяце́ся, плюю́цца; плю́йся; незак.

1. Мець звычку пляваць (у 1 знач.).

Кінь п.!

2. Пляваць на каго-н. ці адзін на другога.

плява́ць, плюю́, плюе́ш, плюе́; плюём, плюяце́, плюю́ць; плюй; незак.

1. Выкідваць з рота сліну.

П. на падлогу.

2. перан., на каго-што. Зусім не лічачыся з кім-, чым-н., паказваць пагардлівую абыякавасць (разм.).

П. ён хацеў на ваша папярэджанне.

3. у знач. вык. Выражае абыякавыя або пагардлівыя адносіны да чаго-н. (разм.).

Суседзі злуюцца, а мне п.!

|| зак. наплява́ць, -люю́, -люе́ш, -люе́; -люём, -люяце́, -люю́ць; -лю́й.

|| аднакр. плю́нуць, -ну, -неш, -не; плюнь (да 1 і 2 знач.).

П. няма куды (таксама перан.: вельмі цесна; разм.).

Раз плюнуць (разм.) — нічога не значыць, вельмі лёгка зрабіць што-н.

Яму гэта раз п.

|| наз. плява́нне, -я, н. (да 1 знач.).

пляво́к, пляўка́, мн. пляўкі́, пляўко́ў, м.

Выплюнуты згустак сліны, а таксама перан.: пра што-н. надта абразлівае, грубае.

пляву́згаць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

Гаварыць абы-што, малоць языком без толку, пустое.

|| зак. напляву́згаць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. пляву́зганне, -я, н.

пляж, -а, мн. -ы, -аў, м.

Адхоністы бераг, зручны для купання і сонечных ваннаў.

Пясчаны п.

|| прым. пля́жны, -ая, -ае.

П. касцюм.

пля́жыць, -жу, -жыш, -жыць; незак. (разм.).

1. што. Сячы, нішчыць; глуміць.

П. векавы лес.

2. Моцна біць каго-н. чым-н.

|| наз. пля́жанне, -я, н.

пля́ма, -ы, мн. -ы, плям, ж.

1. Месца іншай афарбоўкі на якой-н. паверхні, а таксама месца, забруджанае чым-н.

Радзімая п.

Чарнільная п.

Белая п. (на геаграфічнай карце: абазначэнне недаследаванай мясцовасці; таксама перан.: пра што-н. невядомае, нявывучанае). Жоўтая п. (у сятчатцы вока: месца, вельмі чуллівае да святла; спец.).

2. перан. Што-н. ганебнае, надта непрыемнае.

П. на рэпутацыі.

|| памянш. пля́мка, -і, ДМ -мцы, мн. -і, -мак, ж. (да 1 знач.).