Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

плітня́к, -у́, м.

Вапняковая або пясчаная парода, якая лёгка раздзяляецца на пліты.

Набярэжная з плітняку.

|| прым. плітняко́вы, -ая, -ае.

плі́ца, -ы, мн. -ы, пліц, ж. (спец.).

1. Чарпак для злівання вады на судне.

2. Лопасць параходнага кола.

плод, -а, М -дзе, мн. плады́, -о́ў м.

1. Частка расліны, якая развіваецца з завязі (кветкі) і змяшчае ў сабе насенне.

Ядомыя плады.

2. Зародак дзіцяняці (чалавека, жывёлы) ва ўлонні мацеры.

3. перан., чаго. Прадукт якой-н. дзейнасці, вынік чаго-н.

Плады творчай працы.

|| прым. пладо́вы, -ая, -ае (да 1 знач.) і пло́дны, -ая, -ае (да 2 знач.; спец.).

Пладовыя дрэвы.

Пладовыя кансервы (вырабленыя з пладоў). Пладовы сад.

Плодная абалонка (якая акружае плод).

плода... (а таксама плада...).

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.:

1) які мае адносіны да плода (у 1 знач.), да пладоў, напр.: плодаапрацоўка, плодазавод, плодакансервавы, плодаперапрацоўчы;

2) які мае адносіны да плода (у 2 знач.), напр.: плодавыганяльны, плодавыгнанне.

плодаагаро́днінны, -ая, -ае.

Звязаны з вырошчваннем пладоў і агародніны, іх апрацоўкай і захоўваннем.

Плодаагароднінная база.

пло́йма, -ы, мн. -ы, -аў, ж. (разм.).

Вельмі вялікая колькасць, мноства (пра жывых істот).

П. мух.

пло́мба, -ы, мн. -ы, -мб і -мбаў, ж.

1. Бляшаная пласцінка або сплюснуты кавалачак свінцу ці іншага матэрыялу, якімі апячатваюць розныя прадметы, тавары.

Таможная п.

2. Пластычнае рэчыва, якім закладваецца поласць сапсаванага зуба.

П. вывалілася.

|| прым. пло́мбавы, -ая, -ае.

плоскаступнёвасць, -і, ж.

Фізічны недахоп нагі — плоская, без выгіну форма ступні.

пло́скасць, -і, мн. -і, -ей, ж.

1. гл. плоскі.

2. У геаметрыі: паверхня, якая мае два вымярэнні.

Лінія на плоскасці.

3. Роўная, гладкая паверхня.

П. самалёта (крыло). Нахіленая п.

Каціцца па нахіленай плоскасці (перан.: пра паступовае маральнае падзенне).

4. перан. Галіна, сфера распаўсюджання чаго-н., пункт гледжання.

Разгледзець пытанне ў іншай плоскасці.

|| прым. пло́скасны, -ая, -ае (да 2 знач.).

Плоскасныя вымярэнні.

пло́скі, -ая, -ае.

1. Роўны, без узвышшаў і паглыбленняў, з прамой і гладкай паверхняй.

П. дах.

2. перан. Пазбаўлены арыгінальнасці, банальны, пошлы.

Плоскія жарты.

Плоска (прысл.) вастрасловіць.

|| наз. пло́скасць, -і, ж.