Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

дзябёлы, -ая, -ае (разм.).

1. Дужага целаскладу; поўны.

Д. мужчына.

2. Тоўсты, грубы, шчыльны (пра тканіну).

Дзябёлае сукно.

|| наз. дзябёласць, -і, ж.

дзява́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца (разм.).

1. незак.; гл. дзецца.

2. зак. (толькі прош.). Знікнуць, прапасці невядома куды.

Куды дзяваўся мой партфель?

дзява́ць гл. дзець.

дзяво́цкі, -ая, -ае.

Тое, што і дзявочы.

Д. гонар.

дзяво́цтва, -а, н.

Перыяд жыцця дарослай дзяўчыны да шлюбу; дзявочыя гады.

У дзявоцтве Сяргеева.

дзяво́чы, -ая, -ае.

Які належыць дзяўчыне або ўласцівы дзяўчыне.

Дзявочая сукенка.

Дзявочая прыгажосць.

дзявя́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

1. Лічба

9.

2. Група з дзевяці чалавек або дзевяці аднародных прадметаў.

Дзявяткамі плылі самалёты.

3. Назва чаго-н., абазначанага лічбай 9 (разм.).

Прыехаў на дзявятцы (на трамваі, аўтобусе, тралейбусе пад №9). Мяч трапіў у дзявятку (верхні вугал футбольных варот).

4. Школьная адзнака.

5. Ігральная карта з дзевяццю ачкамі.

дзявя́ты, -ая, -ае.

1. гл. дзевяць.

Стрэлка падбіралася да дзявятай гадзіны.

2. Які атрымліваецца пры дзяленні на дзевяць.

Дзявятая частка.

3. у знач. наз. дзявя́тая, -ай, ж. Дзявятая частка чаго-н.

Адна дзявятая.

дзявя́цера, дзевяцяры́х, дзевяцяры́м, дзевяцяры́мі, ліч. зб.

Дзевяць.

Ужыв.:

а) з назоўнікамі мужчынскага або агульнага роду, якія абазначаюць асобу.

Д. салдат.

Засталося д. калег;

б) з асабовымі займеннікамі ў мн. л.

Нас было д.;

в) з назоўнікамі мн. л., якія абазначаюць маладых істот.

Д. дзяцей.

Д. парасят;

г) з множналікавымі назоўнікамі.

Д. калёс.

Д. сутак;

д) з некаторымі назоўнікамі, якія абазначаюць парныя прадметы.

Д. туфель.

Д. шкарпэтак;

е) без назоўнікаў, калі абазначае асоб мужчынскага і жаночага полу.

Сустрэць дзевяцярых.

Яда на дзевяцярых.

дзя́га, -і, ДМ дзя́зе, мн. -і, дзяг, ж.

Рэмень, папруга.

Падцягнуць дзягу.

|| памянш. дзя́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.