Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

шарні́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Рухомае злучэнне дзвюх частак механізма, якое дазваляе ім паварочвацца пад вуглом.

Лямпа на шарнірах.

Як на шарнірах хто-н. (неспакойна хуткі ў рухах; разм.).

|| прым. шарні́рны, -ая, -ае.

шаро́ш¹, -рашу́, м.

Дробны, крохкі лёд у выглядзе кашападобнай масы, які ідзе перад ледаставам і ў час вясновага крыгаходу.

Ідзе ш. па рацэ.

шаро́ш², -рашу́, м. (спец.).

Лес, які сплаўляецца па рацэ бярвеннем, не звязаным у плыт.

|| прым. шарашо́вы, -ая, -ае.

шарпа́к, -у́, м.

Абледзянелая скарынка на паверхні снегу.

Ісці па шарпаку.

шарпану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; зак. і аднакр., каго-што (разм.).

Драпнуць, зачапіць.

Куля шарпанула байца па шчацэ.

ша́рпацца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -аецца; незак. (разм.).

Рвацца (пра адзенне, абутак).

|| зак. паша́рпацца, -аецца.

ша́рпаць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

1. Утвараць сухі шум, дакранаючыся да чаго-н. ці ад дотыку чаго-н., шуршэць.

Галіны дрэва шарпалі па даху.

Пад нагамі шарпае ржышча.

2. што. З шумам кратаць, драпаць што-н.

Звер шарпаў гальку.

3. што. Драць.

Ш. адзенне.

|| зак. паша́рпаць, -аю, -аеш, -ае; -аны.

|| наз. ша́рпанне, -я, н.

шарсці́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

Асобны валасок шэрсці.

шарсцяны́ гл. шэрсць.

шархаце́ць, -хачу́, -хаці́ш, -хаці́ць; -хаці́м, -хаціце́, -хаця́ць; -хаці́; незак. (разм.).

Утвараць шорхат, шум, шапацець.

Пад нагамі шархаціць кара.

|| наз. шархаце́нне, -я, н.