Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

плёскат, -у, ДМ -каце, м.

Шум ад падзення хвалі на што-н., ад удару чым-н. па вадзе.

П. хваль.

П. вёсел.

плётка¹, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

Раменны, вяровачны і пад. бізун.

Раменная п.

|| прым. плётачны, -ая, -ае.

плётка², -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

Чутка пра каго-, што-н., заснаваная на недакладных ці свядома непраўдападобных звестках.

Ходзяць розныя плёткі.

плі́нтус, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Вузкая планка, якая закрывае шчыліну паміж падлогай і сцяной.

2. Вонкавы выступ у ніжняй частцы якога-н. збудавання.

|| прым. плі́нтусны, -ая, -ае.

пліс, -у, м. (уст.).

Баваўняны аксаміт.

|| прым. плі́савы, -ая, -ае.

плісірава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны; незак., што.

Рабіць плісэ (у 1 знач.) на чым-н.

|| наз. плісіро́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж. і плісірава́нне, -я, н.

плі́ска, -і, ДМ плі́сцы, мн. -і, -сак, ж.

Невялікая птушка атрада вераб’іных з доўгім і вузкім хвастом.

|| прым. плі́скавы, -ая, -ае.

плісэ́.

1. нескл., н. Дробныя запрасаваныя паралельна складкі на матэрыі.

2. нязм., у знач. прым. Пра швейныя вырабы з такімі складкамі.

Каўнерык п.

пліта́, -ы́, ДМ пліце́, мн. пліты і (з ліч. 2, 3, 4) пліты́, пліт, ж.

1. Плоскі прамавугольны кавалак металу, каменя або іншага матэрыялу.

Гранітная п.

2. Кухонная печ з канфоркамі.

Газавая п.

Кухонная п.

|| памянш. плі́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

плі́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

1. гл. пліта.

2. Невялікі плоскі чатырохвугольны прадмет.

П. шакаладу.

3. зб. Абліцовачны матэрыял такой формы.

Кафельная п.

4. Электрычны пераносны награвальны прыбор для прыгатавання ежы.

Спіраль для пліткі.

|| прым. плі́тачны, -ая, -ае (да 2—4 знач.).