Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

леса...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.:

1) які мае адносіны да лесу (у 1 і 2 знач.), лясной гаспадаркі, лясны, напр.: лесагадавальнік, лесазнаўства, лесанасенны, лесапасадкі, лесаразвядзенне, лесаўпарадкаванне, лесаўчастак, лесаапрацоўчы, лесагандаль, лесаматэрыял, лесапавал, лесанарыхтоўшчык;

2) які змяшчае лес (у 1 знач.), існуе разам з лесам (у 1 знач.), напр.: лесапарк, лесастэп, лесатундра, лесакустовы, лесагорны.

лесаахо́ва, -ы, ж.

Дзейнасць чалавека, накіраваная на зберажэнне лесу як прыроднага багацця, гаспадарчы догляд ляснога масіву, барацьбу са знішчальнікамі лесу.

лесаахо́ўны, -ая, -ае.

1. Які накіраваны на ўсебаковую ахову лесу.

Лесаахоўная станцыя.

2. Які прызначаны для засцярогі сельскагаспадарчых культур.

Лесаахоўная зона.

лесаві́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Чалавек, які жыве ў лесе, займаецца паляваннем (разм.).

2. У міфалогіі: чалавекападобная казачная істота, якая жыве ў лесе і наводзіць жахі як нячыстая сіла, лясун.

лесаво́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

Спецыяліст па лесаводстве.

лесаво́дства, -а, М -е, н.

Вырошчванне лясоў, а таксама навука аб лясной гаспадарцы.

|| прым. лесаво́дчы, -ая, -ае.

лесаво́з, -а, мн. -ы, -аў, м.

Від транспарту, судна або аўтамашына для перавозкі лесу.

|| прым. лесаво́зны, -ая, -ае.

лесагадава́льнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Месца, дзе вырошчваюць саджанцы драўняных і кустовых раслін.

лесага́ндаль, -длю, м.

Гандаль лесам, лесаматэрыяламі.

лесазаво́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

Завод па першаснай апрацоўцы лясных матэрыялаў.

|| прым. лесазаво́дскі, -ая, -ае.