Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

кірава́льнасць, -і, ж.

Здольнасць паддавацца кіраванню (пра механізм, машыну).

Лёгкая к. машыны.

кірава́нне, -я, н.

1. гл. кіраваць.

2. Дзейнасць органаў дзяржаўнай улады.

Органы дзяржаўнага кіравання.

3. Сукупнасць прыбораў, пры дапамозе якіх кіруюць механізмам.

Аўтаматычнае к.

4. У граматыцы: сінтаксічная сувязь, якая выражаецца ў тым, што адно слова патрабуе пасля сябе дапаўнення (у 3 знач.) у пэўным склоне.

Дзеяслоўнае к.

кірава́цца, -ру́юся, -ру́ешся, -ру́ецца; -ру́йся; незак.

1. чым. Накіроўваць сваю дзейнасць, працаваць у адпаведнасці з чым-н., у залежнасці ад чаго-н.

К. правілам.

К. перадавымі ідэямі.

2. Браць, трымаць кірунак, рухацца куды-н.

К. на Мінск.

К. на бліжэйшую вёску.

кірава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; незак.

1. кім-чым. Карыстаючыся прыборамі, рулём і пад., рэгуляваць ход, рух каго-, чаго-н.

К. канём.

К. маторнай лодкай.

2. кім-чым. Быць на чале чаго-н.

К. краінай.

К. заводам.

3. кім-чым. Накіроўваць чыю-н. дзейнасць, быць кіраўніком каго-, чаго-н.

К. курсавой работай студэнта.

К. аркестрам.

4. Тое, што і кіравацца (у 2 знач.; разм.).

Каровы кіруюць да стагоў.

5. перан. Быць пабуджальнай прычынай, пачаткам чаго-н.

Мной кіравала пачуццё жалю.

6. У граматыцы: патрабаваць пасля сябе пэўнага ўскоснага склону.

|| наз. кірава́нне, -я, н. (да 1—3 знач.) і кіраўні́цтва, -а, н. (да 2 і 3 знач.).

кіра́са, -ы, мн. -ы, -ра́с, ж.

Латы, металічны панцыр на спіну і грудзі.

кірасі́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Коннік цяжкай кавалерыі, які даўней насіў кірасу.

|| прым. кірасі́рскі, -ая, -ае.

кіраўні́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

Асоба, якая кіруе кім-, чым-н.

К. вытворчага аб’яднання.

|| ж. кіраўні́ца, -ы, мн. -ы, -ніц.

|| прым. кіраўні́цкі, -ая, -ае.

кіраўні́цтва, -а, н.

1. гл. кіраваць.

2. Падраздзяленне якой-н. установы, буйная адміністрацыйная адзінка.

К. справамі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

3. зб. Кіраўнікі.

Змяніць кіраўніцтва.

|| прым. кіраўні́цкі, -ая, -ае (да 2 і 3 знач.) і кіраўні́чы, -ая, -ае (да 2 знач.).

кіргі́зы, -аў, адз. -гіз, -а, м.

Народ цюркскай моўнай групы, які складае карэннае насельніцтва Рэспублікі Кыргызстан.

|| ж. кіргі́зка, -і, ДМ -зцы, мн. -і, -зак.

|| прым. кіргі́зскі, -ая, -ае.

кі́рза, -ы, ж.

Заменнік скуры: насычаная спецыяльным хімічным рэчывам тканіна з кручаных нітак.

|| прым. кі́рзавы, -ая, -ае.

Кірзавыя боты.